Старонка:Дзьве поэмы (1927).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

На сьвіст той каротка, умоўна
Тарас адгукнуўся сьвістком.
— Гатуйсь! — ён падаў аднаслоўна,
І ўсе паўставалі суздром.


Падбег Васілёк Асаёнак,
Хлапчук пад трынаццаць гадкоў.
— Што скажаш? — Дрыжыць варанёнак,
Глядзіць на старэйшых браткоў.


— Да вас лясьнічанка паслала,
Дык я на каня ды сюды.
Ўцякаць каб адсюль, загадала
Ўбок, на старыя Брады.


— А конь дзе? — Стаіць пад гушчарам.
— Ну, добра! Ну, дзякуй, браток!
— Дык знача, — забава гусарам:
Ідуць паляваць у лясок!


— Паглядзім! — Нас зловіш ня хутка!
— Хіба толькі зьнішчаць лясы.
— У пушчы — дзе лёг, там і будка!
— Ну, хлопцы, натуж паясы!