Гэта старонка не была вычытаная
Прад ім асьвятліліся шырака вочы
Тых добра знаёмых глыбінь;
Агоньчык з іх шпарнуў пужліва-дзявочы,
Як вугля гаручага сінь…
— Галена — то вы? О, галубка Галена!
Так вось хто мяне вызваляў! —
І Вацлаў прыпаў, як дзіця, на калені
І так, як яно, зарыдаў…
Ён чуў, як лажыліся цёплыя рукі
На голаў, каб сьлёзы сьцішыць,
І голасу: ветлага: ціхія гукі
Нішто-б не змагло заглушыць!
— Ну, годзе! Нам трэба абодвум сьпяшацца.
Цяпер не палеце агню.
Да лесу. Там толькі мы зможам схавацца,
А далей — да хаты, да дню!
Падняўся Ржэвуцкі. Напружна пабеглі,
Кіруючысь проста на лес.
Здаваўся ён надта далёкім, адлеглым,
Як браць праз лугі ў перарэз.