Старонка:Домбі і сын.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

— О, бясспрэчна! — адказвала тым-жа тонам місіс Чык. — Давядзецца толькі, дарагая мая, крыху ўстрымлівацца ад гародніны.

— І, мабыць, пікулей, — падказала міс Токс.

— Апрача гэтых выключэнняў, мая любая, — сказала Луіза, — яна можа кіравацца сваім густам і ні ў чым сабе не адмаўляць.

— А затым вам, зразумела, вядома, — сказала міс Токс, — як яна любіць свайго ўласнага дарагога малютку, і я ўпэўнена, Луіза, што вы не асуджаеце яе за тое, што яна яго любіць?

— О, не!.. — усклікнула місіс Чык, поўная велікадушша.

— Аднак, — прадаўжала міс Токс, — яна, натуральна, павінна цікавіцца сваім юным пітомцам і лічыць за гонар, што на яе вачах маленькі херувім, цесна звязаны з вышэйшым грамадствам, штодзённа чэрпае сілы з адзінай для ўсіх крыніцы. Ці не праўда, Луіза?

— Правільна! — пацвердзіла місіс Чык. — Вы бачыце, мая любая, яна ўжо зусім спакойная і задаволеная і збіраецца весела і з усмешкай развітацца са сваёй сястрой Джэмаймай, са сваімі малюткамі і са сваім добрым, сумленным мужам. Ці-ж не праўда, дарагая мая?

— О, так! — усклікнула міс Токс. — Зразумела.

Але, не гледзячы на гэта, бедная Полі перацалавала іх усіх з вялікім смуткам і, нарэшце, уцякла, каб унікнуць больш пяшчотнага развітання з дзецьмі. Але гэтая хітрасць не мела поспеху, бо адзін з малодшых хлопчыкаў, адгадаўшы яе намер, адразу-ж пачаў карабкацца ўслед за ёю паўзком па лесвіцы, а старэйшы (вядомы ў сям’і па мянушцы Байлера, у гонар паравоза) адбіваў такт ботамі ў адзнаку свайго засмучэння; да яго далучыліся і ўсе астатнія члены сям’і.

Мноства апельсінаў і поўпенсаў, якія пасыпаліся на ўсіх без выключэння юных Тудляў, супакоіла першыя прыступы гора, і сям’я была тэрмінова накіравана дадому ў наёмнай карэце, якую затрымалі спецыяльна для гэтай мэты. Дзеці, пад аховай Джэмаймы, туліліся ля акна і праз ўсю дарогу ў іх губляліся апельсіны і поўпенсы.


РАЗДЗЕЛ III,

у якім містэр Домбі, як чалавек і бацька, паказан на чале свайго хатняга дэпартамента.

Пахаванне нябожчыцы лэдзі было „выканана“ к поўнаму задавальненню гаспадара пахавальнага бюро, а таксама і ўсяго вакольнага насельніцтва, якое звычайна вельмі прыдзірлівае ў такіх выпадках і абураецца кожным промахам і ўпушчэннем у цырамоніі, пасля чаго шматлікія дамачадцы містэра Домбі зноў занялі адпаведныя ім месцы ў хатняй сістэме. Гэты ма-

19