Старонка:Домбі і сын.pdf/306

Гэта старонка была вычытаная

акно, — а па вуліцы бадзялася нейкае завяўшае падабенства жанчыны. І богу вядома, што я мела у адказ! Ах, маці, калі-б вы толькі пакінулі мяне маім прыродным нахілам, калі і я была дзяўчынай — маладзейшай за Фларэнс, — я, магчыма, была-б зусім іншай!

Разумеючы што ўспышкі гневу цяпер бескарысны, маці стрымала сябе і пачала хныкаць і наракаць на тое, што яна задоўга жыве на свеце і адзінае яе дзіця ад яе адвярнулася, што абавязак у адносінах да бацькоў забыты ў наш грэшны час і што яна выслухала страшэнныя абвінавачанні і больш не даражыць жыццём.

Эдзіт скіравала на яе той самы пільны позірк у той час, як тая ўсхліпвала і выцірала сабе вочы. Затым Эдзіт сказала тым-жа ціхім, цвёрдым голасам, якога не павышала і не паніжала з таго часу, як пачала размову:

— Фларэнс павінна вярнуцца дадому.

— Няхай вернецца! — шпарка адазвалася засмучаная і спалоханая маці. — Я не пярэчу супроць таго, каб яна вярнулася. Што мне гэта дзяўчына?

— Для мяне яна так многа значыць, што я не кіну сама і не дапушчу, каб іншыя кінулі ў яе хоць-бы крупінку зла! Пакуль я маю магчымасць гэтаму перашкаджаць, яе не будуць брудзіць і разбэшчваць тымі ўрокамі, якія засвоіла я. Гэта зусім не цяжкая ўмова ў такі сумны вечар.

— Магчыма, і не цяжкая. Вельмі магчыма, калі-б толькі вы абыходзіліся са мною, як належыць дачцэ, — захныкала маці. — Але такія колкія словы…

— Яны асталіся ў мінулым і больш іх не будзе, — сказала Эдзіт. — Ідзіце сваёй дарогай, маці. Карыстайцеся, як вам уздумаецца, тым, чаго вы дамагліся; кідайце грошы, весяліцеся, радуйцеся з гэтага і будзьце шчаслівы па-свойму. Мэта нашага жыцця дасягнута. З гэтага моманту будзем дажываць жыццё моўчкі. З гэтай гадзіны я не пракажу ні слова аб мінулым. Я вам прабачаю за ваш удзел у заўтрашняй ганебнай здзелцы!

Голас яе не здрыгануўся, стан не здрыгануўся, і, прайшоўшы цвёрдай хадой, нібы топчучы нагамі ўсе пяшчотныя пачуцці, яна пажадала маці спакойнай ночы і пайшла ў свой пакой.

Але не на адпачынак: бо не было адпачынку для яе, калі яна асталася адна, усхваляваная. Узад і ўперад хадзіла яна, і зноў узад і ўперад, сотні разоў, сярод вельмі прыгожых прылад туалета, падрыхтаванага на заўтра; цёмныя валасы распусціліся, у цёмных вачах паблісквала шаленства, поўныя белыя грудзі пачырванелі ад жорсткага дакранання бязлітаснай рукі, калі яна хадзіла ўзад і ўперад, павярнуўшы галаву ў, бок, нібы стараючыся не бачыць сваёй уласнай прыгажосці і адарваць сябе ад яе. Так, у познюю і ціхую гадзіну ночы перад вяселлем,