Старонка:Домбі і сын.pdf/317

Гэта старонка была вычытаная

Маёра апаноўваюць сударгі ад смеху, і ён ледзве апамятваецца.

— Але я дастаткова ведаю майго сябра Домбі, — прадаўжае стрыечны брат Фінікс больш сур'ёзным тонам, нібы ён раптам зрабіўся і саліднейшым і мудрэйшым, — каб ведаць, што, уласна кажучы, ён з'яўляецца тым, каго можна выразна назваць э… купцом… брытанскім купцом… і э… і чалавекам. І хоць я на працягу некалькіх гадоў жыў за граніцай (мне-б было вельмі прыемна прыняць майго сябра Домбі і ўсіх тут прысутных у Бадэн-Бадэне і, скарыстаўшы выпадак, прадставіць іх вялікаму герцагу), тым не менш — цешу сябе надзеяй — я дастаткова ведаю маю цудоўную і беззаганную сваячку, каб ведаць, што яна мае ўсе даныя, якія забяспечваюць шчасце мужа, і што яе шлюб з маім сябрам Домбі з'яўляецца шлюбам кахання і ўзаемнай прыхільнасці.

Шматлікія ўсмешкі і кіўкі містэра Каркера.

— Таму, — кажа стрыечны брат Фінікс, — я віншую сям'ю, членам якой з'яўляюся, з такім набыццём, як мой сябра Домбі. Я віншую майго сябра Домбі са шлюбам з маёй цудоўнай і беззаганнай сваячкай, якая мае ўсе даныя, якія забяспечваюць шчасце мужа, і бяру на сябе смеласць прапанаваць усім вам, уласна кажучы, павіншаваць з прычыны такой падзеі і сябра майго Домбі і маю цудоўную і беззаганную сваячку.

Прамова Фінікса сустрэта гучнымі апладысментамі, і містэр Домбі выказвае ўдзячнасць ад імя свайго і місіс Домбі. Неўзабаве пасля гэтага Дж. Б. прапануе выпіць за здароўе місіс Ск'ютон. Затым снеданне заканчваецца неяк вяла, і Эдзіт выходзіць, каб пераапрануцца ў дарожнае плацце.

Карэта ля дзвярэй; маладая спускаецца ў вестыбюль, дзе яе чакае містэр Домбі. Фларэнс, таксама гатовая да ад'езду, стаіць на лесвіцы, а міс Ніпер, якая займала прамежны пост паміж гасцінай і кухняй, збіраецца суправаджаць яе. Як толькі з'яўляецца Эдзіт, Фларэнс спяшаецца ёй насустрач, каб развітацца.

Няўжо Эдзіт холадна, і таму яна дрыжыць? Няўжо ў дакрананні Фларэнс ёсць штосьці дзіўнае або хваравітае, і таму гэта прыгожая жанчына адступаецца і курчыцца, нібы не можа вытрымаць гэтага дакранання? Няўжо патрэбна так спяшацца з ад'ездам, і таму Эдзіт, махнуўшы рукою, прабягае міма і ад'язджае?

Калі замірае стук колаў, місіс Ск'ютон, прыгнечаная мацярынскімі пачуццямі, апускаецца ў позе Клеапатры[1] на сваю софу і пралівае слёзы. Маёр, устаўшы з-за стала разам з астат-

  1. У позе Клеапатры — г. зн. напоўлежачы; так звычайна малявалі гэту егіпецкую царыцу.