Старонка:Домбі і сын.pdf/343

Гэта старонка была вычытаная

вязала хворую нагу. Пасля Херыет дала ёй частку свайго ўласнага беднага абеду, і калі тая з'ела, між іншым вельмі мала, Херыет папрасіла яе перад адыходам (бо жанчына мела намер ісці далей) высушыць плацце ля каміна. І зноў не клопаты аб самой сабе, але ўдзячнасць прымусіла яе не пярэчыць; яна села перад камінам, зняла хустку з галавы і, распусціўшы густыя мокрыя валасы, якія звісалі ніжэй таліі, пачала сушыць іх, выціраючы далонямі і пазіраючы на агонь.

— Напэўна, вы думаеце, што калісьці я была прыгожая, — сказала яна, нечакана падняўшы галаву. — Думаю, што была; ведаю, што была. Глядзіце!

Груба, абодвума рукамі яна прыпадняла свае валасы, учапіўшыся ў іх так, нібы хацела вырваць іх з карэннем, пасля зноў іх апусціла і закінула за плячо, нібы гэта быў скрутак гадзюк.

— Вы чужая ў гэтых краях? — запыталася Херыет.

— Чужая, — адазвалася яна, змаўкаючы пасля кожнай кароткай фразы і пазіраючы на агонь. — Так. Вось ужо дзесяць або дванаццаць год, як чужая. У мяне не было календара там, дзе я жыла. Дзесяць або дванаццаць год. Я не пазнаю гэтай мясцовасці. Яна вельмі перамянілася з таго часу, як я паехала.

— Вы былі далёка адсюль?

— Вельмі далёка. Трэба месяцы плысці па моры, і ўсё-такі гэта яшчэ далёка. Я была там, куды ссылаюць катаржнікаў, — дадала яна, паглядаючы пільна на сваю субяседніцу. — Я сама была адной з іх. Напэўна, мы з вамі аднагодкі. Калі я старэй за вас, то не больш, чым на год, на два. О, падумайце аб гэтым!

Яна развінула рукі і ўнурыла галаву.

— Няма нічога такога, чаго нельга было-б загладзіць. Ніколі не позна выправіцца, — сказала Херыет. — Вы раскайваецеся…

— Не! — запярэчыла тая. — Я не раскайваюся. Не магу раскайвацца. Я не з гэтай пароды. Чаму я павінна раскайвацца, калі ўсе разгульваюць, нібы нічога і не было? Мне гавораць аб маім раскайванні. Хто раскайваецца ў тым зле, якое мне зрабілі?

Яна ўстала, завязала на галаву хустку і павярнулася да выйсця.

— Куды вы ідзіцё? — запыталася Херыет.

— Туды! — адказала яна, паказваючы рукой. — У Лондан.

— Ёсць у вас які-небудзь прытулак там?

— Здаецца, у мяне ёсць маці. Яна заслугоўвае называцца маткай не больш, чым яе жыллё — прытулкам, — адказала тая з горкім смехам.

— Вазьміце вось гэта, — усклікнула Херыет, сунуўшы ёй у руку грошы. — Старайцеся не збіцца з дарогі. Тут вельмі мала, але, магчыма, на адзін дзень гэта адхіліць ад вас бяду.

— Вы замужам? — ціха запыталася тая, узяўшы грошы.

— Не. Я жыву тут з братам. Мы мала можам вас надзяліць, інакш я дала-б вам больш.