Старонка:Домбі і сын.pdf/490

Гэта старонка была вычытаная

што сябры лічаць яго памершым, ён асцярожна падышоў да дзвярэй свайго дома, каб разведаць, але змяніў курс, нечакана пачуўшы…

— Брэх сабакі? — шпарка падхапіла Фларэнс.

— Так! — закрычаў капітан. — Трымайцеся мацней, дарагая мая! Смялей! Не аглядвайцеся! Зірніце сюды, на сцяну!

Каля яе, на сцяне, быў відаць нейчы цень. Фларэнс усхапілася, азірнулася і моцна крыкнула, убачыўшы Уолтэра.

Яна думала аб ім толькі як аб браце, аб браце, які ўстаў з магілы, аб браце, які пацярпеў крушэнне, выратаваўся і вярнуўся да яе, і кінулася ў яго абдымкі. Здавалася, ён быў адзінай яе надзеяй, яе ўцехай, прыстанішчам і сапраўдным абаронцам.

Капітан Катль, канчаткова страціўшы галаву, паспрабаваў выцерці лоб абгарэўшым тостам, насаджаным на кручок, але, пераканаўшыся, што гэты прадмет не падыходзіць для гэтай мэты, паклаў тост у тулью глянцавітага капялюша, не без цяжкасцей надзеў глянцавіты капялюш на галаву, паспрабаваў праспяваць вершык з «Красуні Пег», спатыкнуўся на першым-жа слове і пайшоў у краму. Адтуль ён неўзабаве вярнуўся з расчырванелым і запэцканым тварам і ў зусім размякшым накрухмаленым каўнерыку і сказаў:

— Уольр, мой хлопчык, вось маленькая маёмасць, якую я хацеў-бы перадаць у сумеснае ўладанне!

Капітан таропка паказаў вялікі гадзіннік, чайныя лыжкі, шчыпцы для цукру і чайніцу, і, паклаўшы ўсе гэтыя рэчы на стол, згарнуў іх сваёй вялізнай рукой у капялюш Уолтэра. Пасля капітан Катль так супакоіўся, што мог вызваліцца ад тосту, што быў у капялюшы, і заняць месца за чайным сталом; але з аднаго боку Уолтэр ухапіўся за яго плячо, а з другога боку Фларэнс са слязмі на вачах шаптала віншаванні, і капітан зноў уцёк і адсутнічаў добрых дзесяць хвілін.

Але ніколі яшчэ фізіяномія капітана не ззяла і не блішчэла так, як у той момант, калі ён стала заняў месца за чайным сталом, пераводзячы позірк з Фларэнс на Уолтэра і з Уолтэра на Фларэнс.

Капітан вельмі добра разумеў — хоць увесь час быў перапалоханым і не раз уцякаў не надоўга ў краму — разумеў, што яны гутарылі пра небараку старога дзядзьку Соля і абмяркоўвалі падрабязнасці, якія мелі дачыненні да яго знікнення; што адсутнасць старога і нягоды Фларэнс стрымлівалі іх радасць; што яны вызвалілі Дыагена, якога капітан загадзя завабіў наверх, баючыся, каб ён зноў не забрахаў. Але яму і ў галаву не прыходзіла, што Уолтэр глядзеў на Фларэнс неяк па-новаму і нібы з вялікай адлегласці. Не прыходзіла ў галаву, што Уолтэр часта паглядаў на любы твар, але, калі яна падымала на Уолтэра вочы, той унікаў сустракаць яе адкрыты позірк, які гаварыў аб сястрыной