Старонка:Домбі і сын.pdf/51

Гэта старонка была вычытаная

памятае, як меў шчасце прысутнічаць на пахаванні яго жонкі, i спадзяецца, што з таго часу яму жылося нядрэнна.

У рызніцы дыміўся камін, і вельмі стары, перагружаны працай, які атрымлівае мізэрную песнію, клерк атэрні[1], «рушыўшы на пошукі», вадзіў указальным пальцам па пергаментных старонках вялізнага журнала запісаў, перапоўненага датамі пахаванняў. Над камінам вісеў план скляпоў пад царквой; i мiстэр Чык, прачытваючы ўголас для забавы сабраўшыхся прыкладзенае да яго тлумачэнне, не мог спыніцца, пакуль не прачытаў да канца даведку аб магіле місіс Домбі.

Пасля новай ледзяной паўзы сапучая маленькая прыслужніца, у якой была дыхавiца, — месца ёй было на могілках, а не ў царкве, — прапанавала ім падыйсці да купелі. Тут давялося крыху пачакаць, пакуль удзельнікі шлюбнай цырамоніі запісвалі свае прозвішчы; а ў гэты час сапучая маленькая прыслужніца — часткова з прычыны сваёй хваробы, а часткова для таго, каб удзельнікі шлюбнай цырамоніі не забылiся пра яе, — бадзялася па царкве, пырхаючы, як дэльфін.

Нарэшце, царкоўны клерк (адзіны суб’ект, які тут не сумаваў, ды і той быў трунаром) падышоў са збанком цёплай вады i, выліваючы яе ў купель, сказаў штосьці аб тым, што трэба пазбавіцца холаду, хоць і мільёна галонаў[2] кіпятку не хапіла-б для гэтай мэты. Пасля малады свяшчэннік, прыветлівы і ціхі, які відавочна баяўся дзіцяці, паявіўся, нібы галоўны герой у аповесці са зданямі, — «высокая фігура, уся ў белым», убачыўшы якую Поль раскрычаўся на ўсю царкву і не змаўкаў да таго часу, пакуль яго не вынелi са счарнелым тварам з купелі.

Але калi i гэта адбылося, к вялікай палёгцы ўсіх прысутных, голас яго ўсё-ж раздаваўся пад порцiкам аж да сканчэння цырамонii то слабей, то мацней, то сціхаючы, то зноў нястрымна пратэстуючы супроць зробленай яму крыўды.

У часе ўсёй гэтай працэдуры мiстэр Домбі аставаўся такім-жа спакойным і бездакорным, якім быў заўсёды, і, магчыма, дзякуючы яго прысутнасці, яна была такой халоднай, што ў маладога свяшчэнніка пар ішоў з рота, калі ён чытаў.

Калі ўсё было скончана, ён зноў прапанаваў руку міс Токс і павёў яе ў рызніцу, дзе сказаў свяшчэнніку, з якой прыемнасцю дамагаўся-б ён гонару бачыць яго ў сябе ў часе абеду, калі-б не сумнае становішча спраў у яго ў доме. Калі акт быў падпiсаны, грошы заплачаны, прыслужнiца (якая зноў моцна закашлялася) не забыта, бідль узнагароджан, панамар (якi выпадкова быў ля дзвярэй, надзвычай цікавячыся надвор’ем) не пакінуты без увагі, яны зноў уселіся ў карэту і паехалі дадому ў тым-жа бязрадасным таварыстве.

  1. Клерк атэрні — пiсар, які працуе ў атэрні, — асобы, дапушчанай да працы адвакатам пры англiйскiм судзе; часамі суд даручае атэрні выконваць пракурорскія абавязкі.
  2. Галон — мера вадкасці, каля 4½ літраў.