Старонка:Домбі і сын.pdf/573

Гэта старонка была вычытаная

Увесь гэты час Эліс не спускала вачэй з Херыет і трымала яе за руку. Пасля яна сказала:

— Лежачы тут, я адчула, што мне было-б лягчэй, калі-б вы аб гэтым даведаліся. Мне здавалася, гэта растлумачыць вам тое, што дапамагала маёй разлютаванасці. Усё гэта прайшло. Гэта падобна на сон, які я дрэнна памятаю і не зусім разумею. Вы не пакінеце маёй маткі? Я ёй дарую, калі ёсць за што ёй дараваць. Я ведаю, што яна мне даравала і ў глыбіні душы плача па мне. Вы яе не пакінеце?

— Я ніколі не пакіну яе, Эліс. Заўтра я прыеду раненька, — сказала Херыет.

Ззяючыя вочы, якія не адрываліся ад яе твара, на момант заплюшчыліся, пасля зноў адкрыліся; Эліс пацалавала яе.

Ззяючыя вочы праводзілі яе да дзвярэй; у іх ззянні і на спакойным твары была ўсмешка, калі дзверы зачыніліся.

Вочы не адрываліся ад дзвярэй, яна паклала руку на грудзі, і жыццё згасла на яе твары, нібы патушылі свечку.


РАЗДЗЕЛ LІХ

Адплата.

Зноў адбыліся змены ў велічным доме на доўгай нуднай вуліцы, дзе праходзіла дзяцінства і самотнае юнацтва Фларэнс. Дом астаўся па-ранейшаму велічным, не баіцца ветру і непагоды, дах не працякае, акяніцы не расхістаны, сцены не абваліліся, але, тым не менш, дом зрабіўся развалінай, і пацукі ўцякаюць з яго.

Містэр Таулінсон і іншыя слугі спачатку ставяцца недаверліва да туманных чутак. Кухарка кажа: дзякаваць богу, крэдыт нашага гаспадара не надта што лёгка падарваць; а містэр Таулінсон не здзізіўся-б цяпер, калі-б яму сказалі, што англійскаму банку пагражае крах, або каштоўнасці, якія захоўваюцца ў Тауэры, будуць прададзены. Але пасля з'яўляецца «Газета» і з ёю містэр Перч; містэр Перч прывёў з сабою місіс Перч, каб пагаварыць аб гэтым на кухні і правесці прыемны вечар.

Калі больш ужо не астаецца ніякіх сумненняў, містэр Таулінсон непакоіцца галоўным чынам аб тым, каб банкроцтва было салідным — не менш ста тысяч фунтаў!

Гутарка заходзіць і аб містэры Домбі, але аб ім гавораць надта мала. Разважаюць у большасці аб тым, ці даўно яму было вядома, што гэта павінна здарыцца. Кухарка гаворыць з праніклівым выглядам: «О, божа мой, вядома, даўно! Можаце запэўніць, што даўно». А калі звяртаюцца да містэра Перча, той пацвярджае яе меркаванне. Нехта пытаецца, як-жа будзе цяпер містэру Домбі і ці ўдасца яму як-небудзь выблытацца.