Хто-ж мяне пад старасьць прыгледзіць,
Кавалачак хлебца прыдбаець,
Хто-ж мне прыгон служыць пасобіць?
|}
— Цартва нябеснае, — пераксьціўся войт і ўздумаў адразу пачаць гутарку аб справе.
Бабы далі яму месца на лаўцы, змахнулі пыл хвартухом. Адна бабулька пачала гамаваць матку:
— Супакойся, мая любая. Няхай бог крыець, як ты гаруеш, быццам па вялікім. Супакойся, рыбухна.
Неспадзяваная ўзьяўка войта ўразіла ўсіх і сьціскала. Усе чакалі.
Абчысьціўшы вусы ад лёду, Рымарчук ня зусім адважна і ня надта складна загаманіў:
— Вось што, Тацяначка: Трэба табе цяпер-жа ехаць са мною ў князёў палац.
— Няшчасьцейка ў мяне, пане любенькі… Аслабаніце, калі ласка панская. Ня ведаю, навошта я тамацька патрэбна ў гэткі час?
— Там… бач, мамкі патрэбны. Чалавечае малако на лекі ці што патрэбна, — няўдалымі словамі напалохаў ён баб.
— Ой, нешта ня так, паночку даражэнькі, кажыце нам усю праўду.
— Рыхтуйся, Тацяна. Праўды вам заманулася. Можа трапіцца ўсяго дзень які пабавіць, потым другую прывязуць.
Баба бухнула ў ногі.
— Паночку наш залаценькі! Абаронца наш! Зьмілуйцеся! Дайце-ж мне самой пахаваць майго: дробненькага.