— Ды яшчэ найстрашней тое, што назваць і то язык мой не паварачваецца, гэта — прысяга непраўдзівая… Найцяжэйшы, сьмяротны грэх, загуба душы і цела на гэтым і на тым сьвеце! Крый нас, божа, засьцеражы, забарані! Знацца, чалавек калі ён фальшыва прысягае, то быццам гаворыць сабе і людзям: „Вось я не баюся бога і стаўлюся з ім уроўні, як той пракляты сатана“. Госпад бог за гэтакую дыябальскую гарэзасьць зьніштажае, сьцірае з твару зямлі, як нягодную пылінку. Бо гэта, браткі, ёсьць ашуканьне стварыцеля, юдзінае цалаваньне. І за непраўдзівую прысягу, — ці-ж вы ня ведаеце — бог карае чалавека яшчэ на гэтым сьвеце. Спамяніце, як загубіў сваю грэшную душу нябожчык Тодар Бычанок. За фальшывае прысяганьне ён асьлеп, а ўсе яго дзеткі няшчасныя паўміралі ў адзін год. А Клім Тамашонак? Здох у яго конь і карова, і сам уцалеў толькі за тое, што шчыра пакаяўся народу ў фальшывай кляцьбе. Брація! Страшна гэта, страшна, страшна!
Скончыў войчанька, і тады пан-афіцэр дадаў гэтак:
— Чуеце, хлопы! Тарас упэўнівае, што цімакоў у яго няма, што ён іх не хаваў і што са згону ўцёк так сабе, няма ведама чаго. Дык вось, яшчэ ён мае час прызнацца. А не захоча, — хай прысягне і чакае кары боскай!
Усе зірнулі на Тараса.
На лобе ў яго заблішчэў драбнюсенькі пот. Вочы, як утупіў, так і не падняў. Маўчаў, быццам занямеўшы. З закручанымі назад ру-