камі слабеў, слабеў, хіліў голаў і плечы. Хто-б даў веры, што за пару гадзін так саслабне дужы мужчына?
— Разьвяжыце яго!
Страшное, напруджаннае і ад сьвядомасьці, што ня доўга так хістацца, адчайнае змаганьне ахапіла земляроба. Ня ведаў, што тут грэх і што ня грэх.
— Не прысягай, браце! — шапнуў яму дзесяцкі, адкруціўшы з рук вяроўку.
І паляцела сэрца ў чалавека ўніз, уніз, як-бы няма зямлі пад нагамі. — „Прызнаюся!“ — падумаў і рашыўся.
У гэты міг нейкі другі дзесяцкі пільна паглядзеў яму ў вочы і нічагутка не сказаў.
І замоўчыў Тарас. З туманам у ваччу падняўшы для прысягі руку, падыходзіў к сталу, да чорнага сукна з мэталічным раскрыжованым богам і сьвятою кнігаю ў бліскучай цьвёрдай вокладцы. І неўспадзеўкі скапыціўся і ледзь не заваліўся: аборына раскруцілася на назе, і ён другой нагою ступіў на яе канец.
— Скажу! раптам прашавяліў ён вуснамі, але спазьніўся: не пачуў яго ніхто, а войчанька сівы завёў ужо тое, што належыцца. Прысяга пачалася:
Прыціхла і пакарылася Тарасава душа.
Маўкліва стаялі цёмныя людцы. Скрозь адчыненае акно дыхаў цёплы вясновы ветрык, і верабейка ціўкаў на страсе. Сонейка, як заўсёды, гуляла на балонках. На падворку круціліся і порскалі ў саломцы парасяткі, а ля іх бяз клопату хадзілі куры.