шыдлы і зьвярукі, баран з адрэзанаю галавою будзе бегчы на яго, будуць кугакаць страшна совы, зацьвіце заклятая краска папараці, пад нагамі засіпяць вужакі, павыпаўзаюць з нор агідныя рапухі, яшчаркі… І ўжо хацелася, каб-жа хоць нешта незразумелае, дзіўное зьявілася ў ваччу. Хай-бы хоць здалося, што папараць цьвіце, калі ўжо батанікі даводзяць, што яна цьвісьці ня можа, не такая расьліна
Сонна шумела чорная дуброва, спалі зьвяры і птушкі, не варушылася мураўка на нявіднай упоцемку зямлі.
І Якуб Цімохавіч фальшыва пацяшаў сябе самога: „Ды ты й ня думаў верыць у прыгожы забабон. От, так сабе пашоў палюбавацца на хараство соннае дубровы купальскай ночкаю… Бачыш, як хораша, як люба і як ціха! Прырода ёсьць прырода: бяздонная крыніца для навуковых досьледаў і багаты матэрыял для пясьнярскай творчасьці… Ну, ты ўжо здаволіўся… ідзі спаць… Цябе ўжо морыць сон“…
„О, не! Як-жа так пайсьці? Пабачым“…
Раздаўся шумны стрэл, дзугнула стрэльба ў плячо і ў санкі няўмеламу стральцу.
Сьціхла…
Шуміць патроху сонная дуброва, цёмна, пах ад лесу і пах ад стрэлу… І ўжо — толькі пах ад лесу, і зноў усё, як і было!
Нічога не здалося, нічога няма, усё звычайна…
Тым-бы справа й скончылася, Але нешта адзін раз упаілі добрыя людзі Якуба Цімоха-