Айцец Мацей.
Вось бачыце, к чаму прыводзіць багахульства?
Ад блага адыйдзі і зробіш добра.
Пакуль ты нам як след не давядзеш,
Што ад тваіх навін карыснасць будзе для царквы
Датуль няма табе благаславення
Уладычняга на друкаванне кніг у Вільні.
А ты-ж, чарвяк, паўзі за мной
І пылам пасыпай дурную галаву,
Каб вымаліць у бога дараванне
Грахоў сваіх!
Айцец Сіман.
Паўзці няёмка ў расе. Ты вазьмі яе,
Аддай там пустасвятам!
Дай мне сціло, Георгій!
Георгій.
Сціло я дам, а толькі ты дарэмна
Пад ногі, ойча Сіман, кінуў расу:
Не ён табе даваў, не ён з цябе і здыме.
Вазьмі і апрані.
Ну, зараз зразумелі, другі,
Што нам рабіць, адкуль чакаць збавення?
Не епіскопія, а вы і ваша брацтва —
Апора моцная і веры і асветы,
Не епіскопія, а вы павінны будаваць
Бальніцы, школы пад сваім наглядам,
Не епіскопія, а вы павінны множыць
Лік брацтваў, стаць патронамі царквы.
Ці так, Якубе?
Бабіч.
Мабыць, так.
Георгій.
А як-жа з друкам?
Мо’ кінем і яго на божы лёс, ці як?
Мо’ й праўда, непатрэбны
Ні я, ні веды, што збіраў па кроплі
Я для сваіх людзей у чужых краінах?
Мо’ й сапраўды іх несці і прадаць
Таму, хто скарыстае іх насупраць
І вас, і веры нашай і самой Русі?
Не дачакае вораг! Буду паміраць
Ад голаду, калець пад плотам,