Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

Маргарыта.
Што мне сказаць табе, мой Юрка?
Георгій.
Ты помніла мяне?
Маргарыта.
І днём і ноччу. Я праз сон
Імя тваё шаптала… Я ў гарачцы
Ўсё клікала цябе…
Георгій.
А ён?
Маргарыта.
Ён біў мяне тады смяротным боем,
А я смяялася, бо мне было салодка:
Я за цябе пакуты несла.
Георгій.
Ёсць дзеці?
Маргарыта.
Ёсць… двое… Я ў бога смерці
Прасіла, іх раджаючы. Я знала,
Ты будзеш ненавідзець іх.
Георгій.
Яны твае,
Як я магу іх ненавідзець?
Маргарыта.
А я іх часам ненавіджу з-за яго…
Мой Юрка, забяры мяне з сабой!
Ты дужы, ты разумны, адшукай законы,
Каб вырваць з пекла цела і душу маю.
Георгій.
Я не хачу падаць табе й сабе надзею
Уяўную: яна парвецца хутка,
І сэрцы нашы могуць яшчэ раз
Не вытрымаць пакуты, Маргарыта.
Католікаў развесці можа толькі папа…
Маргарыта.
Я уцяку з табой.
Георгій.
Цябе з дарогі вернуць к мужыку.
Маргарыта.
Тады… я атручу яго!
Георгій.
Ты гэтага не зробіш.
Аднойчы бачыў я — жанчыну катавалі,
Што мужа атруціла. Сярод плошчы
Яе жывой зарылі. Толькі галава
Была паверх зямлі. Вар’яцкімі вачыма
Яна вакол вадзіла.

Ў пякельнай смазе вусны языком