Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

Пастух.
Круглець ты нешта стала.
Марта (успыхнула). Глядзі сваіх кароў, пастух!

(Яна хутка вышла).

Пастух (адзін).
Каровы што? Тут пра бычкоў гаворка.

(Развёў рукамі ў бок аднаго і другога дома).

Каторы з двух мне шчасце загубіў?
Каб доктар, не… Занадта паважаны…
Хаця і ў караля-ж бываюць дзеці,
Не кажучы ужо пра біскупаў святых…
І брат сляпы, ці што?..

(Ён ідзе да брамы і спатыкае ўзрадаванага Андржэяку, які цягне цэлае бярэма кніг).

Пастух.
Дзень добры, Андржэяка.
Андржэяка.
Як не жартуеш, добры дзень.
Што нешта пастуху не спіцца?
Пастух.
Не спіцца і табе. Нажаль, не дома.
Андржэяка.
Мне — рэч інакшая. Вось бачыш — кнігі?
Панюхай, фарбай пахнуць!
Толькі што з друкарні.
Пастух.
Што фарба? Пахне, як няшчасце.
Андржэяка.
Ды што ты, дружа? Ўнюхайся як след.
Нос не вярні, бо д’ябал зарагоча:
Пісьмо святое, вось зірні…

(Ён паклаў бярэма кніг на лаўку і разгортвае кнігу якраз на партрэце Скарыны).

Пастух.
Абраз у кнізе? Што-ж то за святы?
Такога я ў касцеле штось не бачыў.
Андржэяка.
Яго ў касцёл і пугай не загоніш.
Пастух.
Чаму?
Андржэяка.
Няма чаго яму рабіць там:
Ён свяцей святога.
Пастух.
Няўжо?

Чакай! Ды гэта-ж пан Францышак!