Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

Штольц.
Не, рэбе, скінеш — семдзесят. За гэта
Цябе я пачастую добрым півам.

(Ён ідзе да склепа, за ім подбегам бяжыць Адам, памыкаючыся нешта сказаць. Марта схапілася за сэрца, да яе кінуўся айцец Сіман).

А. Сіман.
Што сталася, дачка? Ты нездарова?
Марта.
Не, не… здарова я… Я ўспомніла…

(Яна шукае нейкую прычыну і не знаходзіць нічога, апрача індульгенцыі, якая зашуршэла за карсажам).

Вазьміце, ойча, індульгенцыю… дастала
Па вашай просьбе я у мніха-базыльянца
Для тэй… Дароты з Вільні.

(Айцец Сіман бярэ індульгенцыі і гэта адцягвае яго думку, тым больш, што ён, будучы за сталом, перакуліў чарку).

А. Сіман.
Ну зараз можна бабе будзе
Хоць біскупа зарэзаць: дараваны грэх.
Ці-ж гэта вера? Цьфу! Прыедзе Товій,
Дык перашлю старой дурніцы. Цешся!
І то, за тое толькі, што часамі чарка,
Калі тамілася душа, мне ад Дароты
Перападала…

(Ён хавае індульгенцыі).

«За грэх малы», «за грэх вялікі». Цьфу!..

(Узнімаецца размова за сталом. Вацлаў Сова паднімае чарку).

Вацлаў Сова.
Ля Грунвальда змагаліся мы поплеч,
Супроць захопнікаў нямецкіх, як браты.
П’ю за сям’ю славян, за дружбу у нашай хаце!
Мікулаш Конач.
За лепшага між нас, мудрэйшага між нас,
Крынічна чыстага душою чалавека
І працавіцейшага паміж слуг народа,
За друкара і доктара, Францышка Скарыну!
Георгій.
Удзячан вам, настаўнікі мае,
За слова шчырае аб люду паспалітым
Маëй радзімы, і аб працы сціплай
Мяне самога… Я прашу напамяць
Узяць па кнізе гэтай. Выбачайце,
Я дапішу адно… Не мог надрукаваць
З прычын нявольных… «Кніга гэта
Адбіта з дапамогай брацтва Вільні,
Багдана Онькава і Бабіча Якуба».