Маргарыта.
У чым?
Ёган.
У тым, што Скарына прыслаў табе атруту.
Маргарыта.
Няўжо не разумееш ты, — не сэрцам, галавой, —
Што за віну яго любую я сама-б
Пайшла на кару з радаснай усмешкай,
Каб вызваліць яго ад болю, ад пакут?
Дзе-ж знойдзеш сэрца ты такое, каб яно
Сваю любоў само раскрыжавала
І ачарніла сонца, што дае яму
І шчасце і жыццё? Я ведаю, я знаю,
Што ты… Ты — веснік смерці. Толькі ён, Георгій,
Не вінаваты тут ні помыслам, ні словам.
Ёган.
Ты блазанка! Калі-б яму вось так
Прапанавалі выдаць не цябе, а бога
І абяцалі не чапаць і не жыццё, а толькі кнігі,
Ён выдаў галавой-бы вас на мукі.
Маргарыта.
Лжэш! Сэрца у яго вялікае, святое,
Яно, як сонца: дзе-ж тут ценю быць?
Ёган.
Упартасць уся твая дарэмна: Скарына
На смерць засуджан сам у Празе Чэшскай.
Забіў ён чалавека.
Маргарыта.
Ён забіць не мог,
Ці чалавекам той не быў, каго забіў ён.
Ёган.
Я атрымаў пісьмо…
Маргарыта.
Калі-б сказаў, што бачыў ты, і то я не паверу,
Бо сэрца чуе: блізка ён, ён прыдзе.
Малюся аб адным, калі памерці
Мне суджана, няхай ён не прыходзіць!
Ёган.
Брат Герман!
Вывесці яе!
Манах.
На дыбу?
Ёган.
Не, гэта смерць яе прыскорыць. Не хачу!