Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/192

Гэта старонка не была вычытаная

Маргарыта.
Чаму не йдзеш ў пакоі, каб з людзьмі
Павесяліцца, Товій?
Товій.
Не мary…
Маргарыта.
Няўжо маё і Юркі шчасце
Не кратае душу тваю? Не веру!
Товій.
Павер мне, Маргарыта, я гатоў
За кроплю шчасця і твайго і Юркі
Ўсю кроў сваю аддаць. Я бараню
Яго і тым, што я яго не бачу.
Маргарыта.
Не разумею я.
Товій.
І я не разумею.
Ты бачыш, — я рукі сцяў, скаваў,
Інакш яны… працягнуцца да шчасця.
А шчасця мне не суджана.
Маргарыта.
Тваёй сястрой я буду, Товій.
Товій.
Аблачынкі
Далёкай цень — зямлі не ўтоліць смагу.
Ты загадай сыйсці мне на край света,
Іначай я, як Юда, задаўлюся.
Маргарыта.
Тады… ідзі, на час, які патрэбен будзе,
Каб сэрца заспакоіць.
Товій.
Дай руку.
Маргарыта.
Вазьмі, на шчасце і спакой.

(Товій прынік пацалункам да яе рукі. Яна пацалавала яго ў лоб).

Товій.
Бывайце, аблачынка!
Маргарыта.
Бывай і помні: нашы дзверы
Заўсёды для цябе адчынены. Скажу
Георгію, што ты нас пакідаеш.

(Товій нічога адказаць не можа, і яна варочаецца на ганак і знікае за дзвярыма. Той глядзіць услед).

Товій.
Вось і растала ў небе аблачынка…

(За яго спіной з’яўляюцца дзве цені, якія накідваюцца на яго, заціскаюць рот і цягнуць у кусты. Чуваць толькі шэпт).