Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

Першы.
Рэб Мардахай, гатова…
Другі.
Не задушы, пакуль над ім
Анафему не адчыталі.

(Праз нейкі час варочаюцца Пётр і Прося. Прося спыняецца пад яблыняй і прыкладае халоднае лісце галінкі да шчок).

Прося.
Ахаладзіць расою твар, гарыць напэўна.
Ўсе здагадаюцца, мядзведзь!
Пётр.
Мядзведзь, бо мёд люблю. А чым я вінен,
Што вусны у цябе, як мёд, і не магу
Прайсці я міма, каб…

(Ён зноў прыцягвае яе к сабе. Яна адварачвае галаву).

Прося.
Хопіць!.. Надыйдзе хто…
Пётр.
Ды хто надыйдзе? Ўсе гуляюць.

(Доўгі пацалунак. Маладая пара не заўважае, што на ганак з дому вышлі Георгій і Маргарыта).

Георгій.
Дзівак! Чаму са мной не гаварыў ён? Товій!

(Спалоханая Прося пачынае біць Пётру).

Прося.
Ну вось, ці-ж не казала я, мядзведзь…
Георгій.
Хто тут?
Пётр (аж ззяючы ад задавальнення, што яго б’е каханая дзяўчына і што такім чынам зараз вырашыцца лёс і яго і Просі).
Я, пане доктар! Пётр Мсціславец.
Маргарыта.
А хто з табой?
Прося (збянтэжана).

Я, пані! Прося.
(Яна яшчэ раз пачынае частаваць Пётру гуплікам).

Казала я табе, казала,
Што ў сорам увядзеш? Казала?
Георгій.
Што робіце вы тут?
Пётр (давячыся смехам).
Яна мяне лупцуе.
Георгій (усміхаецца).
А ты?