Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Амінь. Ідзі, дзяўчына.

(Прося подбегам ідзе на ганак і у дом, не ўтрымаўшыся, каб не сунуць гупліка Петрусю: «Усё праз цябе, гарэза!»).

Георгій.
Ты, Пётр, не бачыў Товія?
Пётр.
Не бачыў.
Георгій.
Ён недзе тут. Ідзі і пашукай.
Пётр.
Іду. (Выходзіць, гукаючы.) Товій!
Георгій.
Што за прычына ўцёкаў Товія, не разумею.
Маргарыта.
Я ведаю.
Георгій.
Скажы.
Маргарыта.
Скажу, калі злаваць не будзеш.
Георгій.
Злаваць? За што?
Маргарыта.
Ты абяцай раней.
Георгій.
О Евы, Евы!.. Абяцаю.
Маргарыта.
Ён… кахае.
Георгій.
Кахае?! Товія я знаю, як сябе.
Ён — дружба, праца, розум, нават спрыт,
Калі яны патрэбны для другога,
Для справы чыстай, паспалітай,
Але з дзяўчынай я яго не бачыў.
Ты памыляешся, галубка.
Маргарыта.
Не бачыш ты людзей, мой Юрка. Ты
Сябе самога бачыш у кожным чалавеку,
Нібы у люстэрку хто другі.
Георгій.
Не, бачу і люблю ў ім чалавека,
Любіць людзей — найбольшай асалоды
Душа мая не знае.
Маргарыта.

Але-ж і ты мяне кахаеш, Юрка.