Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная


З’ЯВА І

З хаты выходзіць з вёдрамі Кацярына і ідзе да Бярозы, да таго месца, дзе пад гарой б’е крыніца і збягае срэбраным поясам у Бярозу. Па дарозе Кацярына пяе:

Прыляцелі гусі з далёкага краю,
Селі яны, палі на ціхім Дунаю.
Пачакайце, гусі, я вас запытаю,
Ці з таго вы краю, дзе мілога маю?
А ці ён запіўся, а ці загуляўся,
Ці з другой у краю у чужым пабраўся?

З’ЯВА II

Рыгор (ідзе з-за капліцы і, жартаўліва перадражніваючы яе, спявае).
Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі,
Селі яны, палі на ціхім Дунаю.
Пачакайце, гусі, я вас запытаю,
Чаму мяне люба за п’яніцу мае?
Чаму бэсціць песняй перад цэлым светам,
Здраднікам, прапойцам, лайдаком адпетым?
Ой, і ў праўду трэба, бачу, зазлавацца,
Хоць на смех у сваты да другой падацца.
Кацярына.
Ты занадта прыткі — зараз ды у сваты.
А чаго-ж, мой любы, бродзіш каля хаты,
Ловіш вухам чуйным ціхі спеў дзявочы?
Сам ты знаеш — з песні не выкінеш слова,
Дык не будзь на подслух гэтакім ахвочым,
Каб не чуць, Рыгорка, пра сябе благога.
Рыгор.
Каб хацеў не слухаць, каб заклала вушы, —
Сэрцайка пачуе — і на спеў твой рушыць.
Кацярына.
Значыць — любіш?
Рыгор.
Моцна!
Кацярына.
А як моцна?
Рыгор (падаецца да яе, хапае і цалуе).

Гэтак!