Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

Прузына.
А дзякаваць пану і богу! Праз сілу,
Праз сілу цягаю старэчыя ногі,
Пакуль на пакой дацягнуся ў магілу.
Капуста.
Як плаціш у скарб каралеўскі падаткі, —
Бабровы, мядовы, грашовы? З поўдыма
Цягло як спаўняеш? Ці ёсць недаплаткі,
Ці разам з людзьмі?
Прузына.
Мой паночак, куды нам!
Дзе бабе старой за людзямі угнацца:
І пчолка адмерла, і звера не сочым,
І вол захварэў ды у час у рабочы.
Іх міласць кароль хай прабачыць жабрачцы,
Пасеяла жыта без гною поўбочкі,
Вясной ярыны паўтары паўтарачкі,
Дзе-ж грош той узяць мне, ласкавы паночку?
Поўдыма-ж пустуе: нябожчыка мужа
Пляменнікі ўніз адышлі чумакамі,
Ці-ж з бабскаю сілай зямельку падужаць?
Судзіце, ласкавы, як знаеце самі!
Капуста.
Дачка-прыгажуня магла-б жа, нябога,
І грош і закрасу прыдбаці у хату.
І грош і закрасу… Ці-ж мала у бога
Душ добрых, кажу я, паважных, багатых?
Прузына.
Дачка Кацярынка адна мне надзея,
Як вочка у лобе — і свеціць і грэе.
Капуста.
Дзяўчына у хаце — і клопат, і слёзы,
Ўсёроўна-ж у людзі як пойдзе — пакіне…
А быць-бы магла, я кажу, гаспадыняй,
Каб больш паслухмянства і розум цвярозы.
Прузына.
Наконт паслухмянства дачка, як авечка,
Ды дзе-ж нам узбіцца на тую гасподу?
У прымы бяру аднаго чалавечка,
А ён, як і мы, з бедалацкага роду.
Капуста.
Што-ж слугі мае мне, дзяржаўцу, ні слова?
Ці ўласныя ім надаелі галовы?
Дзе-ж поп быў і войт мой, два рылы паганых?
Я іх пажаню з ланцугом, невянчаных!
Прузына.
Дарэмна, паночку, на іх зазлавалі:

Надоечы войт твой і бірыч прыходзіў,