Я іх навучу, як блюсці дабро пана.
Дзе коні?
Адам.
Стаяць, ясны пан, за капліцай
І почты два хлопы: Мікола і Грыцак.
З'ЯВА VIII
Прузына (адна, у роздуме).
З суддзём і падсудкам… Я кінуся ў ногі…
Няўжо нідзе праўды не знойдзе убогі?
З'ЯВА ІХ
Гайдук Адам (адзін, правёў пана, падышоў і сеў на беразе ракі. Задумаўся, запеў упоўголаса).
Прыехаў ён к сіняму мору, —
Праз сіняе мора няма пераезду,
Няма пераезду, няма пераходу.
Махнуў ён праваю ручкай,
Зраніў ён залаты персцень.
«Рыбалоўшчыкі мае мілыя,
Закіньце шаўковы невад,
Злавіце мой залаты персцень
Закінулі яны шаўковы невад,
Злавілі яны тры рыбіны,
Тры рыбіны, тры акуні.
А першы акунь на сто рублёў,
Другі акунь на тысячу,
А трэцяму акуню і цаны няма».
— А вось і мае акуні прыплылі.
(Гукае.)
Гэй, госці ў чаўнах! Прывітанне й пашана!
Загад вам ад яснага нашага пана,
Дзяржаўцы, чыёй вы зямлі даплылі:
Наведаць яго, расказаць пра дарогу —
І, мыт заплаціўшы, плыць з госпадам богам.
З'ЯВА Х
Атаман (малады, рухавы хлопец з тварам абветраным ўсімі чатырма вятрамі).