На Тураў і Смаленск, на Хорціцу і Кіеў.
Адным такой не вынесці вайны.
Татар узяць — дык нехрысці, яны
Заўжды паплечнікі да першай перамогі…
Вось і паехалі блукаць, шукаць падмогі
Рыгор.
Ну як? Найшлі?
Івашка.
Чакай! Прайшлі якраз памеры,
Народны гнеў панкі да вару давялі.
Народ не хоча быць ні крэпкімі зямлі,
Ні крэпкімі панам, ні новай панскай веры,
Паноў не хоча знаць, пісцоў гатоў пабіць,
Ксяндзоў гатоў тапіць, як тых шчанят ў балоце.
Рыгор.
Што-ж нехапае?
Івашка.
Што? Скажыце вы, браты?
Вось што мы не знайшлі і едзем у сумоце
Паўз замкі моцныя, пад’ёмныя масты,
Пад плач і стогн і крык закутай беднаты.
«Бадай пану ў двары страшна,
Як нам ў полі сонца за́шла». —
З’ЯВА ХІІІ
Жнеі (калі яны падыходзяць, чуваць апошнія словы, песні).
— Бадай пана пахавалі,
Каб сабакі разарвалі,
Пахавалі пры даліне,
Каб па пану ваўкі вылі,
Бадай пана громы ўбілі,
Як мы ручкі патамілі.
Войт (які ішоў з жнеямі).
Эй, прыкусіце, дзеўкі, языкі,
Пачуе пан, тады не наракайце,
Аддасць загад — і ўсыплюць гайдукі!
Вясёлая дзяўчына.
А ну, дзяўчаты, войта велічайце!
Жнеі (пяюць).