Здасца час адзін шчаслівы,
Ды і той прымусяць плакаць.
Пажылы селянін.
А чаго? Спытай хто хоча,
Не сілком-жа іх валочуць!
Горка рэдзька, ды ядуць,
Дрэнна замужам, ды йдуць.
Антось.
Каб ішлі, а то бягуць,
Дзе трушком, а дзе й груньком.
Вясёлая дзяўчына.
Будзь, Антоська, дзецюком,
І скажы ты нам, дзяўчатам,
Колькі год ты ходзіш ў сваты
І ўсё ліжаш таўкачы?
Хто-б казаў, а ты —
маўчы!
Антось.
Каб пасватаў, ты-б пайшла,
Хоць-бы нават за вала,
Абы дома не была.
Вясёлая дзяўчына.
А такіх валоў, як ты,
Хай воўк цягне у кусты
Да вяселля, халастых.
Антось.
Ой, заплакала-б!
Вясёлая дзяўчына.
Ад злосці,
Калі-б воўк пакінуў косці,
А каб з’еў ўсё без астатку,
Заскакала-б у прысядку!
Антось.
Ну й дзяўчына, ну й язык —
За ім розум не паспее.
Вясёлая дзяўчына.
Калі ён ў цябе чуць тлее,
Можа й праўда свет вялік!
Што з табою, Кацярынка?
Што з табою, журавінка?
Можа маці захварэла?
Мо’ прыбрацца не паспела?
Мо’ людскія нагаворы?