Трохі страху, трохі грошы —
Будзе кожны поп харошы.
Пажылы селянін.
Пан заесць пасля, дзядуля.
Дзед Ахрэм.
Ну, яму паднесці дулю
Можна будзе дый на блюдзе,
А тым часам можа чулі
Вы такую байку, людзі?
«Жыў ды быў каваль на свеце,
Працаваў заўжды ў ахвоту —
Даў бог сілу, даў здароўе,
Што-ж яшчэ ад долі трэба?
Ну і жыў, не ведаў ліха.
Толькі раз яго паклікаў
Ў двор далёкі на работу
Пан суседні. І праз пушчу
Позна ўвечары з работы
Йшлі каваль і брат дахаты
І зблудзілі ў цемры ноччу.
А ў той пушчы жыў-быў Ліха —
Страшны волат аднавокі.
Пас ён козы ў гэтай пушчы,
Паляваў на звера часам,
Але больш за ўсё любіў ён
Чалавечыну, пракляты.
Цёплым лецечкам дзяўчаты
Йшлі ў маліну, ці ў арэхі,
Пільнаваў іх смехі Ліха.
А як хто убок адбіўся,
Пападаў яму у кіпці
І на векі-вечна гінуў.
Кавалёў прывабіў Ліха
К сабе ў хату і пытае:
— «Што за людзі, чалавекі,
Чым займаліся на свеце?»
— «Кавалі мы».
— «Ці змаглі-б вы
Мне скаваць другое вока,
Бо адным не дабачаю?»
— «А за працу чым заплоціць
Кавалям, васпан лясовы?»
На іх вызверыўся Ліха:
— «Вам якой патрэбна платы?
Вы скажыце лепей дзякуй,
Што я вас не з’еў адразу,
На вуголлях не падсмажыў.
Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/230
Гэта старонка не была вычытаная