Праз звяр’ё і праз дазоры
Ценем лёгкім ён пракраўся
Ў простым пажацкім уборы.
Ён прышоў — стаў замак светлым,
Як дзяўчыны юнай мары,
Знік на час цяжар палону
І старога цмока чары.
Ядзя.
Ноч прайшла, як сон кахання,
Сэрца поўна знікшай ласкі.
Ах, навошта промень рання
Рушыць сон дзівоснай казкі?
Заўтра, толькі ночка ляжа
І засне мой муж пастылы,
Ты прыходзь, ў святліцы княжай
Я чакаю, паж мой мілы!
Ясь.
Можа думка-чарадзейка
Каралём над каралямі
Ставіць сына мужыкова,
Засыпаць яго дарамі, —
Адхілю дары любыя,
Хай любая слава гіне,
Я вазьму адно — Ядвісю,
Маё шчасце і княгіню!
Я вазьму яе на рукі,
Пагляджу у бездань вочак,
Панясу за сіне-мора,
Дзе шчаслівым ёсць куточак;
На шаўковую на траўку
Пасаджу ў саду вішнёвым.
Паду-стану на калені
І такія моўлю словы:
— Свет мой любы, мая Ядзя,
Хочаш ведаць, як люблю я?
Загадай ісці на муку,
З радай-радасцю пайду я.
Ядзя.
І ў смяротных муках, Ясю,
На агні, ў пякельным дыме
Ты не скажаш анікому
І ніколі любай імя?
Ясь.
І ў смяротных муках, Ядзя,