Знаёмства з ім,
І гнеў яго для іх быў карай…
А скончыў чым?
Сухой асінай…
Павешан жончынай раднёй,
Завіс між небам і зямлёй,
Як заляцеўшы не па чыну
З халопскім рылам у княжны род.
То-ж што? Благога лёсу здзекі?
Ці злым дзеяннем злыя лекі?
Ці страх на просты наш народ?
Дурны… па горла у віры,
Вяду бязглуздую развагу.
Не, позна! Славяць хай адвагу —
Ці званары,
ці гусляры!
Чаму не быць Вайдзілам Ясю?
Бо нават там, дзе адступае
Не толькі розум, але й бог,
Каханне ўсё перамагае!
Марына (праз сон).
Сынку мой, сыночак,
Звялы мой лісточак,
Што ты стаў далёка?
Што ўздыхнуў глыбока?
Ты мне шэпчаш: «маці,
Цяжанька ляжаці,
Цяжка чуць, як ходзіць
Мой забойца-злодзей,
Цяжка чуць, як б’ецца
Кроў у воўчым сэрцы,
І ляжаць, таміцца,
Смагнучы напіцца».
Адам.
У сне і то, дурная галава,
Свайго сыночка з думак не спускае…
А ну, прачніся, чуеш ты, сава?
Жывым жывога одуму хапае!
Марына (праз сон).
Я не памру, пакуль не напаю
Варожай кроўю вусны майго сына…
Адам.
Вось хлопну раз, і помсту ўсю тваю
З табой зараз прыхлопне дамавіна!
Марына (прачнулася).