Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

Пан Заенчкоўскі (некалькі разгубіўся).
Вось і маеш, вось і маеш…
А сама што адчуваеш?
Ядзя.
Адчуваю, тата, сына.
Пан Заенчкоўскі.
Ў добры час, мая Ядвіня!
Ксёндз.
У добры час, мая княгіня!
Як прыб’ецца князь к парогу —
Аддамо хвалу мы богу.
Пан Заенчкоўскі.
Тры імшы зараз адслужым.
Ксёндз.
Аб адным мы толькі тужым,
Што князь-бацька ў схізме грэцкай.
Пан Заенчкоўскі.
Заенчкоўскіх род шляхецкі
Гербам красіць, верай пляміць!
Вось была-б, Ядвіська, памяць
Аб тым дню, каб ён, вясёлы,
Князь-Івана да касцёла
Далучыў.
Ксёндз.
І стаў парогам
Ўходу сына ў царства бога.
То было-б над цудам цуда —
Пракацілася-б усюды, —
Што яшчэ да нараджэння
Бацьку сын прынёс збавенне.
Пан Заенчкоўскі.
Бацьку стаў хрышчоным бацькам,
Сам не будучы хрышчоным.
Вось загадка ўсім вучоным —
Паспрабуйце адгадайце!
Ядзя.
Татка мілы, татка любы,
Няма справы мне да Йвана.
Гвалтам я яму аддана,
Не люблю я маёй згубы.
Хай ратуецца ці гіне,
Хай жывы аддасца тленню,
Не скрану я і мізінец
На карысць яго збавення.
Вы жадалі, каб пайшла я
За Івана. З вашай волі
Я не вышла, хоць ніколі

Не любіла, не магла я