Давай!
Георгій.
Вось, на здароўе спажывайце, ойча. Толькі
Мо’ вы-б нам з Товіем сказалі, што рабіць
Патрэбна з кнігай далей?
Айцец Сіман
(дастае з кішэні закручаныя ў рушнічок буквіцы).
Вось буквіцы заглаўныя, адлітыя з металю,
Які завецца вісмутам. Адзнакай «рубер», —
«Чырвоны» — гэта значыць па-латыні, —
Яны адлучаць главы ў кнізе. Трэба
Іх падабраць на месца, дзе стаяць павінны,
Пакрасіць фарбаю вось гэтай тонкай:
Дзе ліст, — зялёнай, дзе кветка — залатой,
Дзе птушка райская — там колер пер’я павы.
Працуйце з богам, я-ж душу павесялю.
Маргарыта (шэптам).
А можна мне? Спытайся, Юрка.
Георгій (паглядзеўшы на мніха, занятага сваёй справай).
Можна.
Айцец Сіман.
Эх, ці такія віны ў Слуцку мы півалі?!
Бывала, манастыр — не манастыр, а разліўное мора!
На успамін душы магнатаў — раманея
І фражскае, — не толькі пі, — купайся!
А хор які! А кнігі! А божай службы лепнасць!
Не, пашукаюць хай ігумена такога!
Эй, сцеражыся там, душа, ашпару!
Георгій.
Зірніце, ойча, гэтак добра будзе?
Айцец Сіман (адмахваецца рукой).
Добра, —
Цябе я знаю: залатыя рукі.
Маргарыта (захоплена).
Прыгожа, Юрка, як!
Товій.
Давай, Георгій, паспрабуем фарбай
Мы тую буквіцу, што выразалі з дрэва.
Маргарыта.
Самі?