Ясь.
Чаму?
Адам.
Таму… Ідзе яна — схініся проч!
(Ясь знікае).
З’ЯВА ХІХ
Марына.
Яшчэ апошні дзень, і прыме ў свой спакой
Душу маю зямля, калі адмовіць неба.
Хай радуецца князь…
Адам.
Марына, стой!
Марына.
Якая ў ката да мяне патрэба?
Адам.
А ці не рана, ведзьма, ты
Святкуеш перамогу?
Княгінін сын —
яно вядома богу,
Табе і мне,
Княгіне й Ясю —
Не знішчыць твой аброк
Аб лютай помсце князю…
Зарэжаш ты дзіця, яго спаткае бог,
Бязвінную афяру,
А за яго
Ён Васіля твайго
Скарае лютай карай!
Марына.
Кат, не брашы! Свайго паберажы
Ты сына: ходзіць на брыжы,
Надыйдзе час — і брыжык абарвецца,
А кат стары бяздзетным астанецца.
Адам.
Змяя!
Марына.
І змей!
Адам.
Дажджэшся ты расплаты.
З’ЯВА ХХ
Ясь (хутка ўваходзіць).
Пад’ехаў пан, выходзь на ганак, тата!