Ну, а купляць за іх бывае, што й купляюць
Жанчын, папоў і тых, што розуму не маюць.
Суддзя.
Ну, так-то так, а дзе-ж гаспадара
Траціна, князь? касцёлу дзесяціна?
І дворні чынш? і з кожнага двара
Падатак скарбавы і ўсё як ёсць па чыну?
Капуста (свіснуў).
Цю-цю, мой пан! а збеглых у шышы
На сто дымоў душ сотню запішы.
Хай ловіць іх урад, бо забеглі-ж не пры мне,
А ловіць ён іх? Не! Ён ловіць блох ва сне!
Чым вінен я? Я даў гаспадару
Дванаццаць тысяч коп — усё золатам, мой пане,
І даў я іх у цяжкую пару,
Калі рубель другі рубель праз год дастане.
Я дам яшчэ, як пойдуць на вайну.
Ды што з таго, калі каго я трохі ціскану?
Убытак вам, дзяржаве, каралю?
Не, пане мой, я спрэчак не люблю:
У замку — я кароль, ў сяле — я гаспадар!
Няма ў мяне гуляшчых і пахожых:
За працай ўсе, як пчолы з вулляў божых,
А я стаю над імі, як пчаляр.
Што добрага з таго, што бегаў селянін
Ад пана к пану па начах, як злодзей?
Палеткаў не гнаіў, расціў адзін палын,
Кароў не гадаваў, валы і клячы зводзіў.
Суддзя.
Усё гэта так, мой любы князь Капуста,
Ды скаргі сыплюцца, як град той, часта-густа.
Капуста.
Хай скардзяцца, суддзя! Калі на добры лад
Стаў весці я ў маёнтках гаспадарку,
Пры мне хто цягавіт, той будзе і багат,
Хто працавіт, той будзе мець і скварку,
А калі хочаш, то да скваркі чарку.
А хто гультай — не гневайся, не пан.
Аддай маё — сам пухні на мякіне,
Прадай армяк, прадай, як ёсць, жупан
І прывучыся грошы мець у скрыні.
Эй, дзецкі, ну, заводзь.
Хто з скаргамі прышоў на пана князь Капусту.
Заходзь, дзядок, а ну, заходзь! —