З’ЯВА ХХVІ
Стары селянін.
Добры дзень, дай бог, паночку,
Каб твае свяцілі вочкі,
Каб ты праўду-матку ўбачыў
Ў лахманах маіх жабрачых.
Ад свайго былога пана
Збег я ноччу, як звычайна,
Да іх міласці без звозу —
(Быў згавор у нас, мой пане!)
З возам, толькі на світанні
Мы пад’ехалі к Бярозе —
Гайдукі тут нас спаткалі
І да ніткі абабралі.
Суддзя.
Ну, да ніткі?
Стары селянін.
Ўсё, да ніткі, —
Свецім ўсе мы голай лыткай.
Два валы было ў старога:
Першы чорны, крутарогі,
А другі лабаты, белы,
Быццам выбелены мелам…
Ўзялі тых валоў, сабакі,
«Гэта, кажуць, у падзяку
Ад цябе Капусце пану,
Што ты стаў яго падданым».
Я прасіўся: ўсё вазьміце,
А валоў маіх вярніце:
Без валоў які-ж араты?
Не наробішся лапатай?..
Суддзя.
Не вярнулі?
Стары селянін.
Не, аддалі.
Суддзя.
Ну, кажы, што было далей?
Стары селянін.
Напісалі штосьці ў кнігу,
Ўзялі грошы за фатыгу.
І чытае з іх каторы:
«Князь валоў уласных дорыць
Пару сівых».
Як я глянуў
На валоў, і сэрцам звянуў:
Мой Жучок абмазан мелам —