Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Маргарыта.
Я… замуж не пайду…
Арына.
І-і, ластаўка мая, з тваёй красой, з багаццем
У дзеўках не заседзішся. Ды і навошта?
Я прывяла Андрэя, знахара на ўсю акругу.
Як загадаеш, дзіцятка, сюды яго прывесці,
Ці ў горніцу паднімешся сама?
Маргарыта.
Мне страшна, мамка!
Арына.
Не пужайся, любка.
Маргарыта.
Хай, Юрка, калі можна, са мною будзе.
Арына.
Яно то непрыгожа, ясачка мая, але…
Вы-ж нібы брат з сястрой… А гэты?
Георгій.
А гэты прыяцель мой Товій — сірата,
Яго бацькоў рабаўнікі забілі,
І дзед яго сляпы…
Товій.
Сляпы… нябось, відушчы біцца!
Георгій.
Аддаў на час да справы прыглядзецца.
Товій.
Георгій, я пайду, падрэжу трошкі
Вось гэту буквіцу ў тваім пакоі? Добра?
Георгій.
Добра, Товій.

(Товій выходзіць).

Арына.
А мніх?
Георгій.
Ён спіць.
Арына.
І праўда, спіць. Хай спіць. І крыж на ім святы,
Нячыстай сіле страшан. Я прывяду Андрэя

(Яна пайшла наверх).

Маргарыта.
Зайшлося сэрца, Юрка.
Георгій.
Не бойся, Маргарыта, я з табой.
Маргарыта.
Не адыходзься, тут сядзі… З табой
Не так мне боязна. Чаму так, Юрка?

З табой, здаецца, я-б і ў свет пайшла.