Гэта старонка не была вычытаная
Ксёндз.
Малебны…
Поп.
У царкве.
Ксёндз.
І ў касцеле.
Поп.
Мы адслужым.
Ксёндз.
Гімн хвалебны…
Ядзя (ксяндзу).
Дзякуй, пане мой вялебны.
Ксёндз.
Мы-б адно ўсё хацелі,
Каб пан Ян пабыў ў касцеле…
(Да папа.)
Пан Цялега, вам дахаты
Не пара?
Поп (убок).
О, чорт брухаты!
(К князю.)
Сёння, проста па абедзе,
Хай у цэркаў пан пад’едзе.
Мы адслужым літургію
За прыплод і за княгіню
І не горай, як другія.
(Паглядзеў на ксяндза і вышаў, за ім войт).
З’ЯВА ХХХV
Пан Заенчкоўскі.
Эй, Адам, прынесці хмелю!
Можа-б мы, панове, селі?
(Усе селі, тым часам слугі пад наглядам Адама накрываюць па стол).
Ксёндз.
Бог ўсясільны творыць цуды,
Дождж ў пустыню пасылае,
Ад бясплоддзя вызваляе,
Вымагаючы ад люду
Ймя святое яго славіць
І праўдзіва мольбы правіць.
Капуста.
Ойча мой, ізноў пра веру, —
Ды не маю я намеру
Род бацькоў сваіх няславіць.
Ксёндз.