Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/286

Гэта старонка не была вычытаная



Пад трупам, пакуль не сатлее, і вочы
Падняць баючыся.

(Паказваючы на Ядзю і Яся).

Узяць іх за краты,
Раздзець, закаваць і ключы мне прынесці.
Аддам вам з надсыпкай, аддам вам стократы!
Ўсе проч ад мяне — дайце дух перавесці.

(Усе, акрамя суддзі, вышлі).

З’ЯВА ХХХVII

Суддзя.
Я вас суцяшаць не хачу, мой каханы,
Ды словам людскім не уцешыцца ў горы,
А божае слова — з парадай пакоры —
Не знойдзе прытулку ў душы ўзбунтаванай.
Я вам раскажу аб адным мне знаёмым.
Ён быў малады і ў дастатку, дай божа,
І ўзяў закаханы дзяўчынку прыгожу
Ды з добрага роду — з магнатаў кароны.
А з крымскага броду у часе паходу
Прывёз яму дзядзька палоннага маўра.
А тут затрубілі, забілі ў літаўры,
І сам ён пад Псковам пражыў звыш поўгода,
Вярнуўся дахаты — і божа! — цяжарнай
Цудоўную панну знайшоў нечакана.
На маўра уголас сказалі тут пану
Суседзі і слугі, — сказалі не марна,
Бо хлопец упаў і на сэрца і ў вочы
Жанчыне, пакінутай воінам-мужам,
Хоць чорны, як цыган, ды рослы і дужы,
Хто-ж можа патрапіць натуры жаночай?
У маўра пан выбіў прызнанне у блудзе.
Жанчыну-ж забі, яна ўсё адмаўляла.
І вырашыў пан: пачакаць, каб раджала…
Дзіця яе сведкай найлепшаю будзе.
І вось дзень радзін настае, як дзень судны.
Адточаны меч пан паклаў каля ложка:
Калі на мурына падобны хоць трошкі
Дзіцёнак той будзе, — засне непрабудна
Дзіця й парадзіха. Глядзела жанчына
На меч і маліла, як ласкі, у бога
Памерці ад родаў: здаецца-ж нямнога?
І раптам радзіла цудоўнага сына,
Ад пана пабраўшага нават і крошкі:
Бялюсенькі-бел, з васількамі-вачыма…
І пан пакланіўся у ногі жанчыне,

Што, зразу ссівеўшай, ляжала на ложку.