Вясковыя хлопцы.
Ну і добра, казакі,
Сваю песню спелі,
А у нас што, — языкі
Цяляты ад’елі?
Хор хлапцоў і дзяўчат:
Па апенькі хадзіла… Цыцце!
І спаднічку згубіла… Цыцце!
Ой, цыцце, ой, маўчыце,
Бацьку, маці не кажыце. Цыцце!
Хлопец з бору ішоў… Цыцце!
І спаднічку знайшоў… Цыцце!
Ой, цыцце, ой, маўчыце,
Бацьку-маці не кажыце,
Цыцце!
Як было адбылося… Цыцце!
На вяселле сплялося… Цыцце!
Ах, стучыце, гручыце
Бацьку з маткай кажыце,
усёроўна!
З’ЯВА VIII
Пісар.
Гэй, хрысціяне! старынным звычаем
Усіх, хто прышоў-бы да нас на вяселле,
Мы з дарагою душой прывячаем
Ежай, і ласкай, і песняй, і хмелем.
Што-ж, прывячайце й вы нас, грамада!
Сяляне (досыць неахвотна).
Ды рады панам мы, рэч ведама, рады…
Пісар.
Я ласкі і песні тут бачу багата,
А ежай, як толькі застолле нахлыне,
Абломіць, напэўне, сталы гаспадыня,
Вось хмельным не так, мусіць, хата багата?
Сяляне.
Памёр гаспадар, а ўжо гэта патрава
Не бабская справа, мужчынская справа.
Пісар.
Ды бог не без ласкі, ён бедных прытуліць.
Законнейшы пан аб’явіўся ў Агаты,
І шле ён гарэлкі гляк, бачыш, пузаты
І піва поўбочкі.