Сяляне.
І мы, Рыгорка, грамадой
Ўсе за табой, як паязджане
Твайго вяселля, як святы!
Стары казак Юхым.
А ну, трымайся, ўражы пане,
Ці, сіл не трацячы, заранне
Давай у Кракаў лататы!
2-гі казак.
Хай уцякае лепей ляша,
Бо ўсё на ім ад працы нашай.
Дзед Ахрэм.
Так, лях пракляты не уседзіць!
Рыгор.
Чакайце! Чуй, хто мае вушы!
Ідзем на ворага, суседзі.
Тут воля вольная любому:
Хто к ланцугам прынаравіўся,
І хто у ласку к пану ўбіўся,
Застацца можа сабе дома,
Сядзець, як заяц, паміж лому.
Каго пан біў, ды не балюча,
Хто слёзы ліў, ды не пякуча,
Хто па дзяцях не выў галодных,
Хто не хаваў ад вочаў шкодных
Сваёй дзяўчыны, — хай не йдзе.
Ці ёсць такі?
Грамада.
У грамадзе
У нашай — не!
Рыгор.
Тады за імной!
З’ЯВА ХVІ
Ты чуеш, князь? Як божы гром,
Гудзіць народ паўстаннем гнеўным
І б’е знішчальным перуном
Яснавяльможных і вялебных!
Ты думаў, князь, няма рукі,
Якая-б мур магла раскідаць