І з ворагаў ты кпіш, дратуеш смехам іх…
Адкуль, скажы, бярэш ты гэту сілу?
Пазыч ты мне яе, каб мог я перашкоды
Скрышыць усе.
Скамарох.
Пазычылі-б, ды ў нас свайго няма,
Святыя мы, не горшыя за тых,
Чыё жыццё апісана у кнігах.
І цудатворцы мы: на коўш гарэлкі дай,
Такія цуды зробім, што святыя засмяюцца.
Георгій (дае грошы).
Вазьміце, людзі добрыя.
Скамарох.
Дзякуем, купец. Эй, гаспадынька!
Скамарохі (хорам).
Гаспадынька-матухна,
Ясная зорачка!
(Раптам.) Хрыстос васкрос, сын божы!
Выгляні ў дзверачкі,
Вынесі гарэлачкі!
Хрыстос васкрос, сын божы!
Дарота.
Заходзьце, паны радцы, не зважайце.
То скамарохі выпаўзлі з-за печы,
Я пусціла пагрэцца іх. Чаго, галота,
Галас узнялі? Каб я мятлой вас вымела адсюль?
Скамарох.
Мятлой нас вымесці не штука, гаспадынька:
Мы лёгкія, як пух. Ды ў нас ёсць круглячкі
Вось гэтыя. (Паказвае грошы.) Яны пакоцяцца услед,
А іх згубіць табе ўжо будзе шкода. Дай гарэлкі.
Дарота.
Ідзі ў кухарню, прынясу. Не бачыце? Сенатары прышлі.
Бабіч.
Хай будуць, не гані, Дарота: дрэнная прыкмета.
Скамарох.
Купцоў-сенатараў няхай шануе бог,
Мы ім не перашкодзім, сядзем у куточку.
Бабіч.
Цягні, Дарота, й нам па чарцы мёду.
А гэта хто?
Георгій.