Мы скончылі нараду.
Дадзім здарэнням ход, які накрэслен богам.
Чакайце зову княжага. Хай дапаможа бог.
Паедзем, пане Забржэзінскі. На выпадак
Асокі каралеўскай, —
Заехаў я на галас шляхты, вас развёў,
Вы нам паднесьлі чарку… Зразумелі?
Бабіч.
О, разумеецца. Хай сцеражэ вас бог.
Дарота.
Ды дзе-ж яны? Дзе госці дарагія?
Няўжо спазнілася, рыхтуючы як лепей?
Лукаш.
Нічога, маці, зяцю на дарогу
Спатрэбіцца якраз, бо едзе не адзін,
А з сынам доктара і ваяводы ў Кракаў,
Валі ўсё ў кош, я коні запрагаць вялю.
Товій.
Дык едзеш, пан Георгій?
Георгій.
Разам едзем, Товій, разам, дружа!
Товій.
Дзякуй! Дзякуй, пан Лукаш! Я ўсё зраблю,
Я сыну вашаму служыць там буду.
Я коні запрагаць вялю.
Дарота (Георгію, змрочна).
Едзеш?
Георгій.
Еду, маці.
Дарота.
Каб маткаю хацеў сапраўды зваць,
Каб быць хацеў сапраўды зяцем.
Не ехаў-бы, а віў сваё гняздо.
Лукаш.
Я больш упарты за цябе, Дарота,
А ён мяне зламаў. Паслухай, маці.
Ёсць людзі,
На якіх благаславенне бога
І спадзяванне люду. Такі Георгій.
Вялікі грэх нам будзе стаць
Яму упоперак дарогі. Я спаткаў
Адверніка, і ён узяўся нам дастаць
Дазвол епіскапа на шлюб Георгія і Маргарыты.