І рушылі. А ноч такая цёмная,
Што носа ўласнага і то не бачыш.
І адчуваю я, што чорт нас ў цемры кружыць,
Давай чытаць я ўголас загаворы,
Якім мяне манах вандроўны навучыў.
Джузепе.
Дапамагло?
Джакобе.
Яшчэ, брат, як! Бо то-ж была замова,
Што сам Люцыпар ад яе у пекла-б збег.
Джузепе.
Ну, дык брашы далей.
Джакобе.
Не верыш, што такая ёсць замова?
Джузепе.
Чаму? Я сам адну замову знаю,
Што ад яе Люцыпар нават з пекла уцячэ.
Джакобе.
Дык вось, прышлі. Вартаўніка за горла,
Ключы ад пояса і ў храм. Там пад прастолам
Тайнік знайшлі, а лезці ўсе баяцца.
Палез ізноў-жа я. Тут чорт, відаць, пабачыў,
Што я палез, і за мае замовы
Люк каменем прыкрыў.
Туды, сюды я, — няма выйсця.
Ліраў колькі хочаш,
Чаш залатых да чорта.
Золата, каменне — самацветы,
А хоць-бы лом які, ці, нават, колі
Было акенца збоку: галава пралезе,
А плечы не. І камень нетаўсты, стары.
Давай зубамі грызці. Вось гэты зуб зламаў,
А выгрыз дзірку, вылез…
Джузепе.
А мне казалі, што табе той зуб
Жанчына качаргою выбіла,
Як п’яны да яе палез.
Джакобе.
То зуб другі быў, гэты там зламаў.
Джузепе.
А смажаніну з’еў усё-ж, гад?
Джакобе (робячы выгляд, што здзіўляецца.)
З’еў?!
Даруй, браток, сам не заўважыў нават.
Джузепе.