Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

праўнае палажэньне мяшчан гэтых мест, а таксама адносіны іх да цэнтральнага ўраду. Далей ён дае кароткі нарыс праўнага палажэньня яўрэяў. У другім разьдзеле аўтар вызначае тыя вольнасьці і прывілегіі экономічнага і праўнага характару, якія надаюцца прывілеямі на майдэборскае права і зазначае ўладу мескага ўраду,—войта, рады і лавы,—які ўтварыўся на аснове майдэборскага права.

Проф. М. В. Доўнар-Запольскі не займаўся спэцыяльным вывучэньнем гісторыі літоўска-беларускіх мест; аднак, у сваіх працах, прысьвечаных вывучэньню сялянства і гаспадаркі, ён даў многа важных фактаў і каштоўных вывадаў і адносна мест. У сваёй працы „Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке“ (Кіеў, 1905 г.), проф. М. В. Доўнар-Запольскі, вывучаючы валасную грамаду, дае малюнак выдзяленьня места ад воласьці, чым дае правільны адказ Уладзімерскаму-Буданаву, па думцы якога прычынай выдзяленьня места ад зямлі было нямецкае права. Праўда, і проф. Доўнар-Запольскі аддае пэўную дань гэтаму пагляду. Па яго словах заходнія краіны Літоўска-Беларускае дзяржавы рана выдзяляюць места ад земства, уласна, пачынаючы з канца XIV ст. пры дапамозе шырокага наданьня майдэборскага права. Аднак, увесь зьмест працы паказвае, што Доўнар-Запольскі лічыць пашырэньне нямецкага права заключным актам пэўнага гаспадарчага процэсу, а ня прычынай зьявы. Усходнія воласьці даўжэй усяго захавалі сувязь зямлі і места, але ў XVI сталецьці яны перажываюць вялікі крызіс. Яны вядуць змаганьне за захаваньне сваёй старасьветчыны, ворагамі якой выступаюць гаспадарскія намесьнікі-дзяржаўцы. Гаспадарскія ўраднікі самавольна накладаюць розныя падаткі, робяць вялікія крыўды і ўводзяць навіны. Валасныя грамады на чале з сваімі местамі скардзяцца ўраду і ў адказ на гэтую скаргу ўрад у 1561 годзе выдае Падняпроўскім воласьцям, якія даўжэй усіх краін захавалі сваё самакіраваньне, уставу, згодна якой яны пакідаюцца „при старине", як бывала за вялікімі князямі—Вітаўтам і Жыгімонтам. Ня гледзячы на выданьне ўставы і загады цэнтральнага ўраду, драпежніцтвы гаспадарскіх ураднікаў не прыпыняюцца і палажэньне валасной грамады ўсё болей пагоршваецца. Аднэй з прычын узмоцненага разбурэньня воласьці было выдзяленьне места ад воласьці, што не магло ня мець адмоўнага ўплыву на самастойнасьць валасное грамады. У месьце жылі болей актыўныя члены воласьці; места давала болей спагадных умоў для ўзмацненьня грамадзкай солідарнасьці ўжо з аднэй тэй прычыны, што насельнікі места часьцей спатыкаліся адзін з другім. Зусім правільна проф. М. В. Доўнар-Запольскі заўважвае, што супольнасьць інтарэсаў насельніцтва воласьці і месца тлума-