Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

у рускіх, так і ў літоўскіх провінцыях, то яны былі хутчэй зародкамі мест. Пры замках або пры дварох адбываліся таргі. З гэтай прычыны там сялілася насельніцтва як ральнічае, так і іншае, але на такіх самых варунках, як і ў вёсцы.

У канцы XIV ст. зьяўляюцца запраўдныя места ў сьціслым значэньні гэтага слова. Места зьяўляюцца ня з прычыны павольнага разьвіцьця, але як і ў Польшчы шляхам рэцэпцыі нямецкага права. Быт такіх мест вызначаўся яго прывілеямі, якія ўстанаўлялі варункі асады мест і яго адносіны да ўлады. Увогуле аднак, па словах проф. Кутшэбы, места ў Літве слаба разьвіваліся. Нават у XVI ст. за выключэньнем нязначнага ліку вялікіх мест, места былі пераважна дробнымі мястэчкамі, насяленьне якіх, нароўне з вясковым, займалася ральніцтвам і ў аднальковай ступені апірала свой дабрабыт на ральніцтве, як на гандлі і рамёствах. „Прычыны такога палажэньня трэба шукаць у тэй сіле, якую мела доўгі час сыстэма натуральнае гаспадаркі. Кожная гаспадарка, як буйная—пана ці князя, так і дробная—сялянская, задавальняла свае патрэбы ў межах сваёй тэрыторыі. Места, як месца набываньня тых вырабаў, якіх бракавала, пры такіх варунках было мала патрэбным. Разьвіцьцё вялікіх маёнткаў, у якіх значна разьвінулася спэцыялізацыя як вольных, так і нявольных людзей, утварэньне значнае колькасьці розных вясковых рамесьнікаў, запэўнялі задаваленьне нават разьвітых патрэб у межах маёнтку праз працу залежных ад яго людзей, якія давалі на двор або свае вырабы, або проста працавалі на двары.

Ясная рэч, што ў такіх варунках ня было патрэбы ў большым ліку мест; нязначная колькасьць рынкаў, на якіх вясковае насельніцтва, уласьціва рамесьнікі, маглі збываць лішкі сваіх вырабаў, была выстарчаючай... Утвораныя места, здаецца, абапіралі свой дабрабыт на гандлі, а не на рамёствах. Гаспадарчая перамога ў XVI ст., злучаная з валочнаю памераю, якая накіравала насельніцтва пераважна да ральніцтва, прывяла да павольнага заняпаду вясковага рамяства і, мабыць, утварыла лепшыя ўмовы для разьвіцьця мест. Аднак, калі Польшча не ўтварыла моцных мест, то Літва, якая ў гаспадарчых адносінах была меней разьвітаю, і была адсунута ад вялікіх гандлёвых шляхоў, ня мела добрых дарог і надоўга яшчэ захавала асаблівасьці краю, які болей усяго жыў ад выкарыстаньня натуральных пладоў зямлі, ніколі не ўтварыла варункаў для болей значнага разьвіцьця мест і болей моцнага мяшчанства. З гэтай прычыны места ў дзяржаўным жыцьці Літвы як політычная сіла ня мелі ўвогуле ніякага значэньня".