Имперіи“. Пашыраецца асьвета. Вышэйшыя станы — князі і паны — атрымліваюць адукацыю за межамі ва ўніверсытэтах Прагі, Вэнэцыі, Болоньі, Лейпцыгу, Кракаву. Двары паноў і князёў Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Сапег былі школамі для шляхецтва. Зьяўляюцца беларускія друкарні, і ў Кракаве раней адчынілася беларуская друкарня, а потым ужо польская. Зьяўляюцца друкарні ў Вільні, Берасьці, Супрасьлі, Еўі, Дзярэчыне, Крошыне, Слоніме, Гарадку і інш. гарадох. Адчыняецца цэлы шэраг школ. У 1539 г. утворана школа ў Вільні Аўраамам Кульваю, актыўным прыхільнікам лютаранства. У палове XVI ст. Радзівілы — Мікалай Чорны і Рыжы, прыхільнікі кальвінізму, адчынілі школы ў Вільні, Біржах, Заблудаве. Шыдлове і Кейданах. Віленская і Біржанская школы называліся гімназіямі.
Сярод шляхецкіх і мяшчанскіх колаў грамадзянства знаходзяць значнае пашырэньне рэформацыйныя ідэі самых розных кірункаў. Вынікам гэтага было разумовае ажыўленьне сярод грамадзянства. Нарэшце, у 1569 г. зьяўляюцца езуіты, якія таксама адчыняюць цэлы шэраг школ, а Віленская школа атрымлівае назву Акадэміі. У 1632 г. ў Акадэміі працуе 75 прафэсароў і вучыцца 1200 студэнтаў.
Адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы да суседзяў.
З 1385 году, з часоў першай вуніі, вялікіх конфліктаў з Польшчай, за выключнымі выпадкамі, ня было. Крыжацкі ордэн, пасьля яго разгрому ў 1410 г. пры Грунвальдзе, таксама ня быў страшным. Затое выявілася спрэчнасьць інтарэсаў з Масквой. Літоўска-Беларуская дзяржава пачала аб‘яднаньне ўсходніх славянаў. У той час, як яна вырасла ў вялізарную дзяржаву, Масква толькі пачынае дзяржаўнае жыцьцё. Як толькі Масква ўзмацнілася, яна таксама імкнецца да зьяднаньня ўсіх славянскіх земляў. Выразна гэтае імкненьне вызначылася ў канцы XV ст., калі маскоўскі князь пачынае абвяшчаць, што „Русь искони наша вотчына". З гэтага году пачынаецца бязупынная барацьба з Масквою, якая йдзе на працягу ўсяго XVI і XVII стагодзьдзя. Маскве ўдаецца адарваць Чарнігава-Северскія землі ды Смаленшчыну і некалькі разоў урывацца ў самую сярэдзіну Беларусі. Асабліва страшнай і доўгай была так званая Лівонская вайна. У Маскве ў гэты час ужо досыць умацаваўся гандлёвы капітал. Дзеля яго далейшага ўзросту і разьвіцьця патрэбны былі беспасярэдныя зносіны з Заходняй Эўропай. Іван IV, як яскравы выразчык гэтых імкненьняў гандлёвага капіталу, пробуе заўладаць узьбярэжжам Балтыцкага мора. Але такая магчымасьць пагражала інтарэсам гандлёвага капіталу літоўска-беларускага. Справа ў тым, што заваяваньне Лівоніі, стараны багатай, культурнай, добра ўмацаванай, павялічвала сілу і без таго багатага ворага; у выпадку далучэньня Лівоніі ўвесь гандаль Беларусі і Літвы пападаў у залежнасьць ад Масквы, бо праз Рыгу йшоў увесь вываз з Полацкай і Вітабскай зямель, а ў выпадку зьяўленьня маскоўскага флёту ў Балтыцкім моры, зьяўлялася пагроза і для гандлю, які йшоў праз Данцыскі порт. Усё гэта вызвала цяжкую і доўгую вайну, якая зьнішчыла матэрыяльныя сродкі дзяржавы і прымусіла шукаць выхаду у болей сьціслым аб’яднаньні з Польшчай, нават, рызыкуючы стратай свайго незалежнага дзяржаўнага жыцьця.
У залежнасьці ад адносін з Масквой наогул знаходзяцца адносіны да Польшчы. У 1500 годзе літоўска-беларускае войска было разьбіта, і маскоўскія войскі ўвайшлі на Беларусь. Сойм у 1501 г. паслаў у Польшчу паслоў для падпісаньня вуніі. Вунія была падпісана на такіх умовах: 1) адзін гаспадар, які выбіраецца агульным соймам, 2) павінна быць адна монэта, 3) асобныя суды і ўрады, 4) ранейшыя ўмовы абавязковы. Поўнамоцныя прадстаўнікі літоўска-беларускай дзяржавы, якія зрабілі гэтыя ўмовы вуніі, далі клятву ўгаварыць усіх да зама-