Артыкул 16. Огородники при дворех нашых маюць быти, даючы каждому по т“ры морги зем“ли, а им с того служити по одному дню в тыйдень пешо, а жоны их лете не больш, одно—шесть дней до жнива альбо до полотья будуць павин“ни“.[1]
Што датычыцца сялян панскіх і шляхецкіх, то іх павіннасьці былі яшчэ большыя, і праца на пана даходзіла да З—5 дзён у тыдзень, а ў XVII в., нават, да 6.
З даўніх часоў у Беларусі пабудавалася многа гарадоў. У старыя часы яны называліся местамі, і гэта былі пункты, дзе адбываліся кірмашы і гандаль, дзе былі гандлёвыя і прамысловыя ўстановы. Некаторыя з гэтых мест, як Вільня, Трокі, Берасьце, Навагрудак, Менск, Полацак, Віцебск, Смаленск і інш. былі буйнымі гандлёвымі і прамысловымі цэнтрамі, якіх насельнікі жылі выключна гандлем і рамёсламі. Іншыя гарады былі звычайнымі вёскамі, у якіх па некалькі разоў на год адбываліся кірмашы, і жыхарства іх займалася, галоўным чынам, земляробствам, а гандаль і рамёслы былі дадатковымі заняткамі да земляробства.
Юрыдычнае становішча мяшчан у залежнасьці ад гэтага было неаднолькавае. Мяшчане вялікіх гарадоў мелі самакіраваньне па Магдэбурскаму праву, якое пачало давацца з канца XIV ст. Яны былі звольнены ад усялякіх цяглых павіннасьцяў, плацілі звычайна агульны падатак з усяго места і прамысловыя падаткі.
Мяшчане гарадоў, ня меўшых Магдэбурскага права, плацілі, апроч прамысловых падаткаў, розныя „дачкі" і нясьлі з зямлі, як і сяляне, цягла, плацілі дзякла, мезьляву, чынш, сярэбшчыну, давалі стацыі і падводы, хадзілі на талакі і гвалты, — адным словам, абкладаліся так, як і сяляне.
Мяшчане гарадоў з Магдэбургіяй былі заўжды людзі вольныя, не аддаваліся гаспадаром, згодна з прывілеямі гарадоў, у прыватнае падданства паном або князём: мяшчане гарадоў без магдэбурскага права вельмі часта былі нявольнымі, непахожымі людзьмі і пападалі ў лік тых зямель, якія раздаваліся паном.
Сярэдні служылы стан атрымаў назву баяр-шляхты. Над той зямлёю, якою карыстаўся гэты стан, ён ня меў „поўнага права і панства". Вялікі князь захаваў права рэгуляваньня ўладаньнем зямлёю шляхецтва ў сваіх вайсковых і фінансавых мэтах. Асновамі для збудаваньня шляхетнага стану зьяўляюцца Гарадэльскі прывілей 1413 г. і прывілей 1447 г. Адзнакай належнасьці да шляхецкага стану быў па прывілею 1413 г. гэрб, але ўжо прывілей 1447 г. лічыць карыстаньне гэрбам не абавязковым; характарнай адзнакай належнасьці да шляхецкага стану зьяўляецца вайсковая служба. Дзякуючы гэтаму, пераход з сялянскага стану ў шляхецкі і наадварот ня толькі становіцца магчымым, але і звычайным.
Паступова, аднак, шляхецтва пачынае адмяжоўвацца ад другіх станаў. У 1522 г. была выдала ўстава аб вывадзе шляхецтва. Па гэтай уставе кожны шляхціц павінен вывесьці сваё шляхецтва двума шляхціцамі, якія павінны пад прысягаю пацьвердзіць, што ён ад прадзеда і дзеда аднаго роду з імі і брат па крыві. Статут 1529 г. дазваляе выводзіць сваё шляхецтва паказаньнямі суседняй шляхты, калі род
- ↑ Устава на волоки. Изд. Археогр. Ком. XXX т. Р. И. Б.