Старонка:Дуброўскі.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная
ДУБРОЎСКІ
ТОМ ПЕРШЫ
Глава I

Некалькі год таму назад у адным з сваіх маёнткаў жыў старасвецкі рускі пан, Кірыла Петровіч Траекураў. Яго багацце, знатны род і знаёмствы рабілі яго чалавекам паважным у губернях, дзе быў яго маёнтак. Суседзі былі рады дагаджаць усялякім яго жаданням; губернскія чыноўнікі дрыжэлі, пачуўшы яго імя; Кірыла Петровіч прымаў адзнакі ліслівай пашаны да сябе як звычайную даніну; дом яго заўсёды быў повен гасцей, гатовых пацяшаць яго панскае гультайства, удзельнічаць у шумных, а часамі і буяных яго свавольствах. Ніхто не асмельваўся адмаўляцца ад яго запрашэння, або ў пэўныя дні не з'яўляцца з сталай пашанай у сяло Пакроўскае. У дамашнім побыце Кірыла Петровіч выяўляў усе хібы чалавека неадукаванага. Распешчаны ўсім, што толькі было навокал яго, ён прывык даваць пэўную волю ўсім імкненням кіпучага свайго нораву і ўсім выдумкам даволі абмежаванага розуму. Не гледзячы на незвычайную сілу фізічных здольнасцей, ён разы два на тыдзень пакутваў ад абжорства і кожны вечар бываў падвыпіўшы. У адным з флігеляў яго дома жылі шаснаццаць пакаёвак; яны займаліся ручной працай, уласцівай іх роду. Вокны у флігелі былі загароджаны драўлянымі кратамі; дзверы былі пад замкамі, ад якіх ключы захоўваліся ў Кірылы Петровіча. Маладыя затворніцы ў пэўныя гадзіны