Старонка:Дуброўскі.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

дах і бельведер[1] велічэзнага мураванага дома; на другім пяціглавая царква і старасвецкая званіца; навокал стаялі вясковыя хаты з іх гародамі і студнямі. Дуброўскі пазнаў гэтую мясціну — ён успомніў, што на гэтым самым узгорку гуляў ён з маленькай Машай Траекуравай, якая была на два гады за яго маладзей і тады ўжо было відаць, што з яе будзе красуня. Ён хацеў аб ёй запытаць у Антона, але нейкая саромлівасць стрымала яго.

Пад'ехаўшы да панскага дома, ён убачыў белую сукенку, якая мільгацела паміж садовых дрэў. У гэты час Антон сцебануў коней, і з-за ганарыстасці, якая ўласціва вясковым фурманам, таксама як і рамізнікам, паімчаўся на ўвесь дух цераз мост і паўз сяло. Выехаўшы з вёскі, уз'ехалі яны на гару, і Владзімір убачыў бярозавы гай, а ўлева на прагалку шэранькі дамок з чырвоным дахам; сэрца яго закалацілася. Перад яго вачыма была Кісцянёўка і бедны дом яго бацькі.

Праз дзесяць хвілін уехалі яны на панскі двор. Ён глядзеў навокал сябе з хваляваннем вялікім. Дванаццаць год не бачыў ён свае радзімы. Бярозкі, якія пры ім толькі што былі пасаджаны паўз плот, выраслі і сталі цяпер высокімі купчастымі дрэвамі. Двор, калісьці ўпрыгожаны трыма правільнымі кветнікамі, паміж якіх ішла шырокая дарога, старанна заўсёды надмеценая, ператварыўся ў няскошаны поплаў, на якім пасвіўся спутаны конь. Сабакі спачатку забрахалі, але пазнаўшы Антона змоўклі і замахалі кудластымі хвастамі. Дваровыя павыбягалі з хат, абкружылі маладога пана з шумным выяўленнем радасці. Ледзве мог ён прабіцца праз іх шчыры натоўп і ўзбег на стары ганак. У сенцах спаткала яго Егораўна і з плачам абняла свайго выхаванца.

— Здарова, здарова, няня, — гаварыў ён, прыціскаючы да сэрца шчырую старую, — як бацька, дзе ён, як з ім?

У гэты момант у зал увайшоў, ледзь перасоўваючы ногі, стары высокага росту, бледны і худы, у халаце і калпаку.

— Здаровенек, Валодзька, — сказаў ён слабым голасам, і Владзімір горача абняў бацьку свайго.

Радасць вельмі страсянула хворага, ён аслабеў, ногі яго хістануліся і ён упаў-бы, каб сын не падтрымаў яго.

— Нашто вы ўсталі з пасцелі, — гаварыла яму Егораўна, — на нагах не трымаецца, а ідзе, гледзячы на людзей.

Старога занеслі у спальню. Ён стараўся з імі гаварыць, але думкі блыталіся ў яго галаве і словы не мелі ніякай сувязі.

  1. Бельведер — невялікая вежа над дахам дома.