Неўзабаве ўбачыў ён дамок Андрэя Гаўрылавіча, і супярэчлівыя пачуцці апанавалі душой яго. Здзейсненая помста і гордасць заглушалі да некаторай ступені пачуцці больш далікатныя, але апошнія нарэшце узялі верх. Ён надумаўся памірыцца з старым сваім суседам, знішчыць і сляды сваркі, вярнуўшы яму яго ўладанні. Аблягчыўшы душу гэтым добрым намерам, Кірыла Петровіч пагнаў каня да сялібы свайго суседа і ўз'ехаў троста на двор.
У гэты час хворы сядзеў у спальні пры акне. Ён пазнаў Кірылу Петровіча, і жудаснае ўтрапенне адлюстравалася на яго твары — густая ружовасць заступіла месца звычайнай бледнасці, вочы заблішчэлі, ён выгаварваў штосьці незразумелае. Сын яго, што сядзеў тут за гаспадарчымі кнігамі, узняў галаву і жахнуўся, бачачы ў такім стане бацьку. Хворы паказваў пальцам на двор з жахам і гневам. Ён спяшаючыся падбіраў крысо свайго халата, імкнучыся ўстаць з крэсла, прыўзняўся і раптам упаў. Сын кінуўся да яго, стары ляжаў у непрытомнасці і без дыхання - паралюш хапіў яго.
— Хутчэй, хутчэй у горад па лекара! — крычаў Владзімір.
— Кірыла Петровіч пытае вас, — сказаў слуга, увайшоўшы.
Владзімір кінуў на яго жудасны позірк.
— Скажы Кірылу Петровічу, каб ён хутчэй выбіраўся, пакуль я не загадаў яго выгнаць з двара. Пайшоў!
Слуга радасна пабег ажыццяв ць загад свайго пана, і Егораўна заламала рукі.
— Бацюхна ты наш, — сказала яна пісклівым голасам, — згубіш ты сваю галаву! Кірыла Петровіч з'есць нас.
— Маўчы, няня, — сказаў горача Владзімір, — зараз пашлі Антона ў горад па лекара.
Егораўна вышла. У пярэднім пакой нікога не было — усе людзі збегліся на двор глядзець на Кірылу Петровіча. Яна вышла на ганак і пачула адказ слугі, які гаварыў ад імя маладога пана. Кірыла Петровіч выслухаў яго, седзячы на драбінках; твар яго стаў змрачнейшы за ноч, ён пагардліва ўсміхнуўся, грозна зірну на дваровых і паехаў ціха паўз дом. Ён зірнуў і ў акно, дзе за хвіліну перад гэтым сядзеў Андрэй Гаўрылавіч, але дзе ўжо яго не было. Няня стаяла на ганку, забыўшыся на загад пана. Дваровыя шумна гутарылі аб гэтым здарэнні. Раптам Владзімір з'явіўся паміж людзьмі і адрывіста сказаў:
— Не трэба лекара, бацюхна памёр.