Старонка:Дуброўскі.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

башкін і іншыя члены зрабілі тое самае. Владзімір кіпеў ад гневу.

— Дазвольце дазнацца што гэта значыць? — запытаў ён з штучнай спакойнасцю ў вясёлага іспраўніка.

— А гэта тое значыць, — адказаў мудрагельны чыноўнік, — што мы прыехалі ўводзіць ва ўладанне гэтым Кірылу Петровіча Траекурава і прасіць некаторых іншых выбірацца адгэтуль, пакуль не позна.

— Але вы маглі-б, здаецца, аднесціся да мяне раней чым да маіх сялян, — і абвясціць памешчыку адхіленне ад улады.

— А ты хто такі? — сказаў Шабашкін з задзірыстым позіркам, — былы памешчык Андрэй Гаўрылаў сын Дуброўскі з ласкі божай памёр, — мы вас не ведаем, ды і ведаць не хочам.

— Владзімір Андрэевіч, наш малады пан, — сказаў голас з натоўпу.

— Хто там асмеліўся горла разявіць? — сказаў грозна іспраўнік, — які пан? Які Владзімір Андрэевіч? Пан ваш Кірыла Петровіч Траекураў — чуеце вы, дурні?

— Дзіва, што, — сказаў той-жа голас.

— Гэта-ж бунт! — закрычаў іспраўнік. — Гэй, стараста, сюды!

Стараста выступіў наперад.

— Знайдзіце зараз-жа, хто асмеліўся са мной гаварыць, я яго!

Стараста звярнуўся да натоўпу, пытаючы хто гаварыў? Але ўсе маўчалі. Неўзабаве ззаду ўзняўся гоман, стаў пабольшвацца і ў адну хвіліну ператварыўся ў жудасны гвалт. Іспраўнік знізіў голас і хацеў ужо іх угаварваць.

— Што тут на яго глядзець, — закрычалі дваровыя, — хлопцы! Вон іх! — І натоўп рушыў.

Шабашкін і іншыя члены шпарка кінуліся ў сенцы і замнулі за сабой дзверы.

— Хлопцы, наперад, — закрычаў той-жа голас, і натоўп пачаў націскаць.

— Чакайце, — гукнуў Дуброўскі. — Дурні! што гэта вы? Вы губіце і сябе, і мяне. Ідзіце па хатах і дайце мне спакой. Не бойцеся, цар мае літасць, я яго буду прасіць, ён нас у крыўду не папусціць — мы ўсе яго дзеці, як ён за вас можа заступіцца, калі вы пачнеце бунтаваць і разбойнічаць.

Прамова маладога Дуброўскага, яго гучны голас і вялікасны выгляд зрабілі сваю справу. Народ сціх, разышоўся, двор стаў пусты, члены сядзелі ў доме. Нарэшце Шабашкін ціхом